Офіс Ціханоўскай 30 студзеня пачынае працу ў Варшаве

Святлана Ціханоўская і Караль Наўроцкі

Святлана Ціханоўская і Караль Наўроцкі / lookby.media

Ад 30 студзеня Святлана Ціханоўская і яе Офіс пачынаюць працаваць у Варшаве. Пра гэта піша выданне Rzeczpospolita.

"Я думала, што вярнуся на радзіму з Вільні, якая знаходзіцца ўсяго ў 30 км ад мяжы з Беларуссю. Але ўзровень бяспекі ў Літве змяніўся. Гаворка ідзе не толькі пра маю асабістую бяспеку, але і пра бяспеку супрацоўнікаў нашага Офіса. Гэта прымусіла мяне шукаць альтэрнатыўныя рашэнні і рэарганізаваць нашу дзейнасць", — кажа Ціханоўская.

Дзе менавіта будзе знаходзіцца Офіс Ціханоўскай — дакладна невядома. Выданне не выключае, што дэмакратычную лідарку і яе калег прыме Беларускі дом. Па словах палітыка, цяпер яе муж і дзеці знаходзяцца ў ЗША, аднак у будучыні дзеці будуць жыць у Варшаве і хадзіць у польскую школу.

Узровень аховы Офіса Ціханоўскай у Літве быў паніжаны ў кастрычніку 2025-га. Літоўскія кансерватары, якія знаходзяцца ў апазіцыі да цяперашняга сацыял-дэмакратычнага ўрада, раскрытыкавалі гэтыя дзеянні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.