У буйным крадзяжы вінавацяць дырэктара дабрачыннага дзіцячага фонду
Цацка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Дырэктара дабрачыннага фонду "Дапамога цяжкахворым дзецям" вінавацяць у крадзяжы больш за 830 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У 2024 годзе 28-гадовы мінчук заснаваў фонд і стаў у ім дырэктарам. Фонд збіраў грошы для лячэння цяжкахворых дзяцей. Малады чалавек, як кажуць следчыя, адзін кантраляваў усю дзейнасць арганізацыі: распараджаўся маёмасцю, заключаў дамовы і падпісваў юрыдычныя дакументы.
Лісты з просьбай дапамагчы цяжкахворым дзецям ён рассылаў па ўсёй Беларусі. "Тысячы калектываў па ўсёй краіне атрымлівалі лісты з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу, у гандлёвых цэнтрах і ўстановах аховы здароўя расстаўляліся скрыні для ахвяраванняў", — кажуць у СК. Аднак наяўныя грошы на рахункі так і не залічваліся.
У СК сцвярджаюць, што абвінавачаны скажаў інфармацыю пра падапечных на сайце арганізацыі. І нават калі фонд ужо аказаў дапамогу, грошы працягвалі паступаць у распараджэнне фігуранта.
Падчас расследавання выявілася, што на імя мінчука зарэгістраваныя тры камерцыйныя таварыствы, якія ён заснаваў. А таксама ён быў кіраўніком юрыдычнай асобы, створанай яго знаёмай.
Грошы, якія прыходзілі на рахунак фонду, пераважна выдаткоўваліся на гаспадарчыя патрэбы, куплю і абслугоўванне аўтамабіляў, арэнду кватэры, набыццё тэхнікі, асабістыя бытавыя патрэбы. Таксама грошы незаконна пераводзіліся ў наяўныя і выводзіліся, паведамляюць следчыя.
Абвінавачанага ўзялі пад варту. Яму інкрымінуюць ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).