Падлеткаў у Дзяржынску, якія вялі стрым вулічных баёў, адправілі прыбіраць снег

Падлеткі на ўборцы снегу

Падлеткі на ўборцы снегу / dzr.by

У Дзяржынску падлеткі на вуліцы Ціхай увечары 2 студзеня ладзілі паядынкі і вялі жывую трансляцыю ў адной з сацсетак. Гэты стрым прыцягнуў увагу міліцыі, піша партал Дзяржынскага раёна.

Рэакцыя гледачоў на стрым была неадназначнай. Частцы карыстальнікаў відовішча спадабалася: людзі пісалі, што гэта "нармальная забаўлянка" і "спорт". Іншыя ж рэзка асудзілі дзеянні падлеткаў і прапанавалі ім лепш прыбраць снег.

Зацікавілася ім і міліцыя. Падлеткі растлумачылі, што яны сябруюць, рэгулярна наведваюць секцыю адзінаборстваў, а ўдзел у паядынках быў добраахвотным. Ідэю весці стрым яны запазычылі з сацсетак, дзе такія фарматы вельмі папулярныя.

"У дадзеным выпадку падлеткі сваімі дзеяннямі не здзейснілі ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Аднак не заўсёды інфармацыя з інтэрнэту прыносіць карысць. Часам, на першы погляд, бяскрыўдны жарт сапраўды можа мець сур'ёзныя наступствы", — пракаментавала начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Дзяржынскага РАУС Ксенія Цупрун.

Хаця падлеткі нічога не парушылі, іх усё адно адправілі прыбіраць снег на той жа спартовай пляцоўцы на вуліцы Ціхай — пад наглядам участковага інспектара па справах непаўналетніх. Прычым паведамілі, што прыбіраць снег дзеці пайшлі "добраахвотна".

Падлеткаў у Дзяржынску, якія вялі стрым вулічных баёў, адправілі прыбіраць снег
Каментары ў сацсетках / dzr.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.