Сем дзіцячых суіцыдаў здарыліся на Гомельшчыне ў 2025 годзе

Падлетак, ілюстрацыйнае фота

Падлетак, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com

За 2025 год у Гомельскай вобласці здарыліся сем дзіцячых суіцыдаў. Пра гэта расказаў пракурор Гомельскай вобласці Алег Аўдзей, заўважыла выданне "Флагшток".

Агулам, паводле пракурора, у рэгіёне ад знешніх прычын загінулі 16 непаўналетніх. Адзінкавыя выпадкі — гэта падзенне з вышыні, утапленне, смерць ад анафілактычнага шоку. Двое дзяцей загінулі ад выбуху кіслароднага балона, яшчэ чатыры сталі ахвярамі ДТЗ.

Выданне звяртае ўвагу, што пра падлеткавыя суіцыды раней афіцыйна не паведамлялася. Аднак у снежні 2025-га СМІ пісалі пра два падлеткавыя самагубствы ў Гомелі за адзін тыдзень.

Папярэднія гады статыстку па дзіцячых суіцыдах у Гомельскай вобласці не публікавалі. Апошнія даступныя даныя журналісты знайшлі за 9 месяцаў 2021 года. Тады былі зафіксаваныя тры падлеткавыя самагубствы — столькі ж, як і за аналагічны перыяд да 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.