Школьнікі з Кармы не змаглі перакласці ніводнага беларускага слова

Вучні кармянскай школы

Вучні кармянскай школы / фота з акаўнту кармянскай СШ №1 у Інстаграме

Школьнікі з райцэнтра Карма на Гомельшчыне не змаглі перакласці ніводнага беларускага слова. Адпаведны ролік у сацсетках размясціў Кармянскі райвыканкам да Міжнароднага дня роднай мовы, звярнула ўвагу выданне "Флагшток".

Кармянская раёнка, якая выходзіць цалкам па-руску, правяла "моўны квіз": вучням сярэдняй школы №1 у Карме прапанавалі перакласці беларускія словы на рускую мову. Вось словы, прапанаваныя для перакладу: хмарачос, дыван, конік, плот, імбрык, шкарпэткі, вэлюм і кіях.

Каментатары ў сацсетцы Threads былі шакаваныя:

"Не жарт, а жах".

"Хочацца плакаць".

"Балюча глядзець".

"Беларусь хутка стане Расіяй. Пуцін перамог".

"Божухна, якія яны... небеларускія. Затое за плячыма нешта... чырвона-зялёнае, падобнае на сэрца, і партрэт Лермантава. Не Купалы, не Багдановіча і не Быкава. Цалкам прарасійскае выхаванне ў расійскай інфармацыйнай прасторы. Так узгадаваныя і вывучаныя дзеці лёгка дазволяць магілёўскую ці яшчэ якую "народную рэспубліку", бо ў галовах няма свайго, галовы ўжо занятыя расійшчынай".

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.