Суд у Польшчы скасаваў пастанову пра высылку беларуса ў Літву

Алесь Папковіч (стаіць другі злева) з блізкімі пасля суда

Алесь Папковіч (стаіць другі злева) з блізкімі пасля суда / "Партызанка"

Палітуцекачу і экс-палітвязню Алесю Папковічу ўдалося застацца з сям'ёй у Польшчы, а не быць дэпартаваным у Літву. Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 29 студзеня скасаваў пастанову Рады ў справах замежнікаў, якая вырашыла перадаць беларуса ў Літву ў адпаведнасці з Дублінскім рэгламентам, паведамляе ініцыятыва "Партызанка".

Абскарджанне пісала заснавальніца ініцыятывы Ганна Маціеўская. Суд пагадзіўся з сур'ёзнымі працэдурнымі парушэннямі ў справе і аргументацыяй індывідуальнай сітуацыі Алеся.

Падтрымаць беларусаў на суд прыйшла еўрадэпутат Малгажата Гасеўска.

"Гэтае рашэнне дапаможа тым, чые справы закрываюць "аўтаматам" без належнай ацэнкі індывідуальных абставінаў", — кажуць у "Партызанцы".

Алеся Папковіча эвакуявалі з Беларусі з-за пераследу ў той самы дзень, калі ён выйшаў з турмы ў чэрвені 2024 года. Была магчымасць хутка аформіць толькі літоўскую візу, з дапамогай якой яго і вывезлі. Эвакуявалі хлопца непасрэдна ў Польшчу, дзе ён уз’яднаўся з сям’ёй і падаў заяву на міжнародную ахову.

Аднак справа яго легалізацыі зацягнулася на амаль паўтара года, а потым узнікла пагроза дэпартацыі ў Літву. Паўтара месяца таму быў вызвалены і высланы з Беларусі брат Алеся Ян Папковіч, які таксама цяпер жыве ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.