ЕС можа пачаць працэдуры далучэння Малдовы пасля парламенцкіх выбараў у ёй

Малдова набліжаецца да ўступлення ў ЕС / radiomoldova.md
28 верасня ў Малдове адбудуцца парламенцкія выбары. Адразу пасля іх Еўрасаюз можа пачаць працэдуры, якія папярэднічаюць далучэнню Малдовы да ЕС. Пра гэта заявіў старшыня Еўрапейскага савета Антоніу Кошта 3 верасня ў Бухарэсце.
Гэтае пытанне ён абмяркоўваў падчас сустрэчы з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам.
"Для Еўрапейскага Саюза гэта найважнейшая геапалітычная інвестыцыя ў будучыню нашай бяспекі. /.../ Аднак Малдова — гэта ключавая магчымасць для нас. Урад Малдовы паспяхова праводзіць неабходныя рэформы, і апошні Еўрапейскі савет аднагалосна падтрымаў прапанову аб пачатку працэдуры ўступлення Малдовы ў ЕС", — прыводзіць newsmaker.md словы Антоніу Кошты.
Статус кандыдата на ўступленне ў ЕС Малдова атрымала разам з Украінай 23 чэрвеня 2022 года. У снежні 2023-га Еўрасавет пастанавіў пачаць перамовы аб далучэнні з абедзвюма краінамі.
21 чэрвеня 2024 года прэзідэнт Малдовы Мая Санду падпісала ўказ аб пачатку перамоваў аб уступленні краіны ў ЕС. Сёлета на пачатку чэрвеня еўракамісар па пытаннях пашырэння Марта Кос паведаміла, што Малдова выканала ўсе неабходныя ўмовы для адкрыцця не толькі першага, але і другога і шостага кластараў перамоваў аб уступленні ў ЕС.
У канцы чэрвеня 2025 года лідары 27 краін Еўрасаюза прапанавалі Савету ЕС перайсці да наступнага этапу ўступлення Малдовы ў ЕС і адкрыць тэматычныя групы, як толькі краіна выканае неабходныя ўмовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.