У справе арыштаванага малдаўскага алігарха Плахатнюка ўзнік "беларускі след"

Уладзімір Плахатнюк

Уладзімір Плахатнюк / newsmaker.md

Малдаўскі алігарх Уладзімір Плахатнюк, арыштаваны ў Грэцыі, у 2024 годзе прылятаў у Мінск з фальшывым пашпартам. Гэта высветліў малдаўскі даследчы праект "Маленькая краіна", звярнула ўвагу выданне newsmaker.md.

Плахатнюка і яго набліжанага, кікбаксёра Канстанціна Цуцу, арыштавалі 22 ліпеня ў Грэцыі на запыт Інтэрпала. Алігарху закідаюць "адмыванне" 20 мільярдаў долараў, атрыманых карупцыйнымі спосабамі падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды ў Расіі. Тады расійскія фінансы выводзіліся праз малдаўскія банкі і знікалі.

Падчас ператрусу ў Плахатнюка канфіскавалі 21 фальшывае пасведчанне асобы на розныя імёны. Сярод іх былі пашпарты, пасведчанні асобы і правы кіроўцы, нібыта выдадзеныя ўладамі Малдовы, Румыніі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Ірака і Вануату.

Як піша The Insider, расійскі і балгарскі пашпарты яму былі выдадзены на імя Міхаіла Таўшанава, які нарадзіўся 22 лютага 1962 года. З гэтым пашпартам Плахатнюк прыязджаў у РФ і праводзіў сустрэчы на самым высокім узроўні ў крамлі, каб паўплываць на выбары ў Малдове.

У чэрвені 2024 года малдаўскі алігарх прыбыў у Мінск, дзе ў яго адбылася таемная сустрэча з намеснікам кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Дзмітрыем Козакам. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося падчас візіту ў Мінск кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова — гэты прыезд быў прымеркаваны да гадавіны наладжвання дыпламатычных адносін. Пакуль сам Лаўроў размаўляў з Лукашэнкам, яго суправаджэнне вырашала свае пытанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.