Беларускі комік, які падтрымліваў пратэсты, павіншаваў "герояў-абаронцаў" РФ
Андрэй Скараход
Беларускі комік Андрэй Скараход, які які цяпер жыве ў Маскве, у сваім акаўнце ў Інстаграме у гонар расійскага "Дня Герояў Айчыны" (9 снежня) павіншаваў "цяперашніх герояў-абаронцаў" РФ.
"Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца ў гадзіну выпрабаванняў. У кожнай эпосе былі свае героі — людзі, якія адважна абаранялі сваю Айчыну! Сёння віншуем цяперашніх герояў-абаронцаў, а таксама ўшаноўваем герояў, якія аддалі жыцці ў мінулым за ўсіх нас!" — гаворыцца ў допісе Скарахода.
Адной з першых абурылася оперная спявачка Маргарыта Ляўчук: яна цяпер жыве ў Харкаве пад расійскімі абстрэламі. Ляўчук напісала ў каментары "Слава Украіне і Жыве Беларусь!", пасля чаго Скараход яе забаніў. У сторыс у сваім акаўнце спявачка нагадала, як у 2020-м Скараход насміхаўся з Лукашэнкі і прапаноўваў ёй здымацца разам.
Пад допісам Скарахода з'явіліся каментатары, якія крытыкавалі коміка і патрабавалі разбаніць Ляўчук.
Крытычна да поста коміка паставіліся і аўтары неафіцыйнага тэлеграм-канала ГУБАЗіКа: на іх думку, "Скараход пераабуўся следам за Галыгіным" і "давяраць такім персанажам відавочна не варта".
Дарэчы, у 2022 годзе сілавікі пагражалі Скараходу праверкай за "распальванне варожасці" і дэпартацыяй з Расіі. Нагодай яны называлі каментар коміка ў сацсетках на адрас "звычайнай жанчыны-патрыёта, якая прыйшла падтрымаць сілавікоў у цяжкія часы".