Расіяне ўчынілі правакацыю на адкрыцці помніка Ракасоўскаму ў Гомелі

Лялька на помніку Ракасоўскаму і Фрыдрых Мерц

Лялька на помніку Ракасоўскаму і Фрыдрых Мерц / калаж "Флагштока"

26 лістапада ў Гомелі адкрылі помнік маршалу Савецкага саюза Канстанціну Ракасоўскаму. Гэты помнік гораду падарыла расійскае Ваенна-гістарычнае таварыства, якім кіруе адыёзны расійскі ідэолаг Уладзімір Мядзінскі — памочнік прэзідэнта РФ. Дарэчы, ён і сам прыязджаў на адкрыццё помніка.

Як заўважыла выданне "Флагшток", расіяне паспрабавалі зладзіць міжнародны скандал падчас мерапрыемства. Адразу пасля адкрыцця помніка на пастаменце з'явілася маленькая лялька чалавека ў касцюме.

Сутнасць гэтага перформансу раскрыў Мядзінскі. Выявілася, што ляльку спецыяльна падклалі для фота пад надпісам Adolf на пастаменце помніка. У сваім канале расійскі ідэолаг апублікаваў здымак лялькі вялікім планам і напісаў: "Хтосьці з творчай групы вырашыў тут жа сімвалічна нагадаць Ф. Мерцу пра ганебны канец яго папярэдніка. У кожным жарце ёсць доля жарту".

Маецца на ўвазе цяперашні федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. За падтрымку Украіны расійская прапаганда імкнецца паказаць нямецкіх палітыкаў нашчадкамі нацыстаў.

"Флагшток" піша, што беларускія дзяржрэсурсы не звярнулі ўвагу на ляльку. І без тлумачэнняў Мядзінскага наўрад ці нехта зразумеў бы сэнс перформансу. Таму хутчэй за ўсё, акцыю зладзіла дэлегацыя самога Мядзінскага, не паведамляючы гомельскім уладам пра задуманую правакацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.