Расія ўпершыню з канца 2024 года ўжыла "Арэшнік". Гэта спроба запалохаць Захад?

Пуцін накіроўвае папярэджанне Украіне і Захаду з дапамогай гіпергукавой зброі

Пуцін накіроўвае папярэджанне Украіне і Захаду з дапамогай гіпергукавой зброі / Getty Images

У ноч на 9 студзеня Расія нанесла ўдар па Заходняй Украіне гіпергукавой ракетай "Арэшнік". Апытаныя агенцтвам Reuters эксперты лічаць, што гэтым крокам Уладзімір Пуцін імкнецца запалохаць Украіну і пасылае сігнал Еўропе і ЗША пра ваенную магутнасць Расіі ў крытычны момант перамоваў аб спыненні вайны.

Жорсткі ўдар адбыўся пасля тыдня няўдач для Расіі. 3 студзеня спецпадраздзяленні ЗША затрымалі Нікаласа Мадура — блізкага саюзніка Пуціна. Пасля гэтага адбыліся захопы нафтавых танкераў пад расійскім сцягам у паўночнай частцы Атлантыкі.

Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі пра планы накіраваць войскі ва Украіну ў выпадку спынення агню.

Герхард Мангот, спецыяліст па Расіі з Інсбрукскага ўніверсітэта (Аўстрыя), заявіў, што Масква была "асабліва раз’юшаная" магчымымі планамі размяшчэння войскаў еўрапейскіх саюзнікаў Кіева. Паводле яго слоў, ужыванне "Арэшніка" варта разглядаць менавіта ў гэтым кантэксце.

"Гэта сігнал Злучаным Штатам і еўрапейцам пра ваенныя магчымасці расійскай арміі", — сказаў Мангот у каментары Reuters.

Эксперт скептычна паставіўся да афіцыйнай заявы Міністэрства абароны Расіі, нібыта запуск "Арэшніка" стаў адказам на ўкраінскую атаку беспілотнікам адной з рэзідэнцый Пуціна ў паўночнай частцы Наўгародскай вобласці ў канцы мінулага месяца. Украіна адмаўляе факт такой атакі, абвінавачваючы Маскву ў хлусні з мэтай сарваць мірныя перамовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.