Вялікабрытанія і Францыя накіруюць войскі ва Украіну пасля мірнага пагаднення

Уладзімір Зяленскі, Эмануэль Макрон і Кір Стармер

Уладзімір Зяленскі, Эмануэль Макрон і Кір Стармер / SkyNews

Вялікабрытанія, Украіна і Францыя падпісалі дэкларацыю аб планах размясціць шматнацыянальныя сілы на тэрыторыі Украіны пасля завяршэння вайны, паведамляе SkyNews. Свае подпісы ў дакуменце паставілі прэм’ер Кір Стармер, прэзідэнт Эмануэль Макрон і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Гэта адбылося пасля сустрэчы "кааліцыі рашучых" у Парыжы ў аўторак, 6 студзеня.

З дакумента вынікае, што "шматнацыянальныя сілы для Украіны" будуць дзейнічаць як сілы, якія забяспечваюць гарантыі бяспекі і здольнасць Украіны вярнуцца да міру і стабільнасці, падтрымліваючы аднаўленне ўласных узброеных сіл Украіны.

"Падпісанне дэкларацыі адкрывае шлях да стварэння прававой асновы для дзеянняў французскіх і брытанскіх войскаў на ўкраінскай тэрыторыі, забеспячэння бяспекі ўкраінскай паветранай і марской прасторы і фарміравання ўзброеных сіл, якія адпавядаюць патрабаванням будучыні", — заявіў Кір Стармер.

Акрамя плана размяшчэння шматнацыянальных сіл у выпадку спынення агню ва Украіне, у Парыжскай дэкларацыі выкладзены і іншыя гарантыі бяспекі.

Пагадненне ўключае ў сябе стварэнне механізму маніторынгу спынення агню пад кіраўніцтвам ЗША, падтрымку ўзброеных сіл Украіны, а таксама тое, што саюзнікі юрыдычна абавязаліся падтрымліваць Украіну "ў выпадку новага нападу Расіі".

Уладзімір Зяленскі назваў дэкларацыю "вельмі канкрэтнай" і адзначыў прагрэс у мірных перамовах, але настойваў на тым, што некаторыя пытанні, уключаючы перагледжаны мірны план з 20 пунктаў і тэрыторыю, па-ранейшаму "застаюцца адкрытымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.