Трамп: Венесуэла паставіць ЗША да 50 млн барэляў нафты

Дональд Трамп

Дональд Трамп / AFP, MANDEL NGAN

Пераходныя ўлады Венесуэлы паставяць ЗША ад 30 да 50 млн барэляў "высокаякаснай нафты, якая знаходзіцца пад санкцыямі". Пра гэта абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social 7 студзеня, перадае DW.

"Гэтая нафта будзе прададзеная па рынкавых цэнах, і грошы буду кантраляваць я як прэзыдэнт ЗША, каб гарантаваць, што яны пойдуць на карысць народу Венесуэлы і Злучаным Штатам", — напісаў Трамп.

Згодна з яго допісам, нафту з Венесуэлы будуць забіраць на судны-сховішчы і дастаўляць наўпрост да разгрузачных прычалаў у ЗША.

"Гаворка ідзе пра вялікія грошы", — канстатуе нямецкае агенцтва dpa. Нафтавыя запасы на тэрыторыі Венесуэлы з'яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце. Да 2005 году гэтая краіна была для ЗША найбуйнейшым пастаўшчыком нафты, пакуль тагачасны кіраўнік венесуэльскай дзяржавы Уга Чавэс у 2007 годзе не правёў нацыяналізацыю прамысловасці, канфіскаваўшы, у тым ліку, маёмасць амерыканскіх кампаній, якія працавалі ў краіне.

Таксама Дональд Трамп запатрабаваў ад Венесуэлы разрыву эканамічных сувязяў з Расіяй, Кітаем, Іранам і Кубай. Пра гэта паведамляе ABC News са спасылкай на крыніцы.

Калі гэтыя патрабаваньні будуць выкананыя, Венесуэле будзе дазволена павялічыць здабычу нафты. Паводле словаў крыніцаў, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў 5 студзеня на закрытым брыфінгу, што ЗША здольныя "прымусіць Венесуэлу" пайсці на гэтыя крокі, бо яе нафтавыя танкеры перапоўненыя. Паводле Рубіа, у Венесуэлы ёсць усяго некалькі тыдняў, перш чым яна стане "фінансава неплацежаздольнай" без продажу сваіх нафтавых запасаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.