Трамп даў згоду на новыя санкцыі супраць Расіі — сенатар Грэм

Сенатар Ліндсі Грэм

Сенатар Ліндсі Грэм / Reuters

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў згоду на новы законапраект па санкцыях супраць Расіі. Пра гэта паведаміў сенатар-рэспубліканец ЗША Ліндсі Грэм — адзін з аўтараў законапраекта. Другім яго аўтарам быў сенатар-дэмакрат Рычард Блюменталь

Паводле Грэма, законапраект можа быць пастаўлены на галасаванне ўжо на наступным тыдні. У сацсетцы Х сенатар напісаў: "Пасля вельмі прадуктыўнай сустрэчы сёння з прэзідэнтам Трампам па розных пытаннях ён даў зялёнае святло двухпартыйнаму законапраекту аб санкцыях супраць Расіі, над якім я працаваў некалькі месяцаў з сенатарам Блюменталем і многімі іншымі. Гэта будзе своечасова, бо Украіна ідзе на саступкі дзеля міру, а Пуцін толькі гаворыць, працягваючы забіваць нявінных".

Грэм адзначыў, што новы закон дазволіць Трампу ўплываць на краіны, "якія купляюць танную расійскую нафту, падсілкоўваючы ваенную машыну Пуціна". У іх ліку ён назваў Кітай, Індыю і Бразілію.

Дакумент, падрыхтаваны Грэмам і Блюменталем, прадугледжвае пошліны ў 500% на імпарт з краінаў, якія працягваюць купляць расійскую нафту, прыродны газ ці ўран. Таксама ён уводзіць санкцыі супраць любых дзяржаў, якія набываюць расійскі ўран. Ініцыятыву падтрымалі больш за 80 з 100 сенатараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.