Польская спецслужба затрымала беларуса па падазрэнні ў шпіянажы
Супрацоўнікі ABW
У Польшчы 9 лютага супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) затрымалі грамадзяніна Беларусі. Яго падазраюць у шпіянажы на беларускую вайсковую разведку, паведамляе польская нацыянальная пракуратура.
Затрыманага зваць Паўлам Т. 10 лютага яму выставілі абвінавачванне ў шпіянажы, а на наступны дзень суд папярэдне арыштаваў яго на 3 месяцы. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Польская спецслужба сцвярджае, што мужчына працаваў на беларускую вайсковую разведку з чэрвеня 2024 года да лютага 2026 года. Яго дзейнасць распаўсюджвалася на тэрыторыю Польшчы, Германіі і Літвы. Павел Т. збіраў звесткі пра аб'екты крытычнай інфраструктуры, а таксама аб'екты, якія маюць важнае значэнне для абароны Польшчы і NATO.
Затрыманне стала вынікам узаемадзеяння ABW з нямецкімі (BfV) і літоўскімі (VSD) калегамі.
У пракуратуры заяўляюць, што следства працягваецца.