Брэсцкі школьнік перад суіцыдам абвінаваціў аднакласнікаў у булінгу

Допісы Арцёма Карповіча

Допісы Арцёма Карповіча / ctv.by

У Брэсце дзесяцікласнік школы №35 Арцём Карповіч учыніў самагубства. Перад смерцю ён абвінаваціў у гэтым сваіх аднакласнікаў.

Трагедыя ў Брэсце адбылася 10 лютага. У каментары тэлеканалу СТБ бацькі Арцёма расказалі, што ён змяніў школу пасля заканчэння пачатковых класаў, і ў новай школе ў яго ўзніклі праблемы з камунікацыяй.

Бацькі рэагавалі на паводзіны хлопца, размаўлялі з яго класнай. Але настаўніца казала, што ўсё нармальна. Тым часам булінг працягваўся.

За некалькі дзён да трагедыі хлопчык напісаў маці паведамленне з прапановай падаць заяву ў міліцыю на аднаго з сваіх крыўдзіцеляў.

"Літаральна, бачыце час: сем пяцьдзясят пяць, яшчэ нават не пачаўся ўрок, а ён ужо піша. Мама, давай напішам заяву ў міліцыю на [імя схавана], таму што ён мяне ўжо дастаў. Ён увесь час лезе і абзываецца", — кажа Святлана, маці Арцёма.

Да канца дня хлопец супакоіўся, але бацькі вырашылі не адпраўляць яго ў школу ў панядзелак. А ў аўторак ён да школы не дайшоў.

Перад самагубствам хлопец напісаў два паведамленні — адно маці, а другое — у чат аднакласнікаў. У мамы ён прасіў прабачэння. А аднакласнікаў абвінаваціў. У сваім пасланні ён згадваў імёны ўсіх крыўдзіцеляў, у тым ліку аднаго са школьных настаўнікаў.

"Гэта ўсё праз вас, вы мне дазволілі давесці да такога стану, што я пакіну свой свет. І так, паведамленне я спецыяльна адпраўлю, каб выказаць сваё меркаванне", — напісаў Арцём.

У каментары журналістам адміністрацыя школы адмаўляла факты булінгу. "Цкавання не было, булінгу не было. Дырэктар не будзе даваць ніякіх інтэрв'ю. Не ўпаўнаважаны", — заявіў намеснік дырэктара.

Міліцыя высвятляе абставіны і прычыны гібелі школьніка. 

Брэсцкі школьнік перад суіцыдам абвінаваціў аднакласнікаў у булінгу
Допісы Арцёма Карповіча / ctv.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.