Палітзняволеная Вольга Чукарава страціла зрок за кратамі
Вольга Чукарава / facebook.com/zolotova.tut
Палітзняволеная Вольга Чукарава за кратамі страціла зрок. Пра гэта ў сацсетках расказала былая палітзняволеная Марына Золатава.
Вользе Чукаравай 50 гадоў, яна працавала бухгалтаркай у авіяцыйнай сферы. Жанчыне прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы па двух палітычных артыкулах — арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
"Вольга была затрыманая ўвосень 2024 года. У СІЗА перанесла інсульт. Страціла зрок. Наогул цалкам. У каранціне калоніі, праўда, знаходзіліся разумнікі, якія не верылі: "А як вы тады ўсталі? Як вы сюды падышлі? Вы прыдурваецеся".
А Вольга старалася не скардзіцца. Нават калі ціск 210 (вы ж памятаеце пра інсульт?). Прасіла толькі, каб навучылі — каб прасцей было перасоўвацца навобмацак. Навучылася", — піша Золатава.
Пасля каранціну Чукарава пару дзён пабыла ў атрадзе, потым яе адправілі ў санчасць і на абследаванні. Паводле чутак, адзначае Золатава, жанчыне паставілі адзін "нядобры дыягназ".
У Чукаравай дачка-падлетак у інтэрнаце, сын у войску, а маці мае інваліднасць першай групы і прыкаваная да ложка. Акрамя ўсяго, Вольгу Чукараву ўнеслі ў спіс "тэрарыстаў", таму яна не мае магчымасці атрымліваць грашовыя пераказы.
"Другі месяц года беларускай жанчыны падыходзіць да канца. Хутка сакавік", — дадае Золатава.