Тры-чатыры рэтранслятары дронаў ужо не працуюць з Беларусі — Зяленскі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

Лукашэнка займаецца эскалацыяй вайны. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў у інтэрв'ю выданню "Зеркало".

На яго думку, пра гэта сведчыць падрыхтоўка да размяшчэння ў Беларусі ракетнага комплексу "Арэшнік", а таксама рэтранслятары для дронаў, якімі расіяне атакуюць Украіну.

"Я не буду казаць, якім спосабам, але нашы хлопцы займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсця, інакш будуць працягвацца атакі на нашу зямлю. І з гэтага кірунку цяпер лётае значна менш, хачу вам сказаць", — адзначыў Зяленскі.

Ён мяркуе, што комплекс "Арэшнік" NATO павінна разглядаць як легітымную цэль.

Акрамя таго, Зяленскі адказаў на пытанне пра сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Ён ацаніў гэтую сустрэчу як добрую.

"Добрая сустрэча, мы нармальна пагаварылі. Вельмі прыкольна размаўляць з беларусамі — я [у такія моманты] думаю, як беларусам прыкольна размаўляць з украінцамі. Мы гаворым на розных мовах, але ўсё разумеем. І гэта вельмі прыкольна. Ну, рэальна, гэта вельмі крута", — расказаў прэзідэнт Украіны.

Ён згадаў, як ў рамках нармандскага саміту сустракаўся з Пуціным, Меркель і Макронам у снежні 2019 года. Кожны з кіраўнікоў наварыў на мове сваёй краіны. "Дык калі яны казалі — усё нармальна. Калі я пачынаў на ўкраінскай падчас майго афіцыйнага спічу, то ўся руская дэлегацыя цокала [языком] — ведаеце, так з гукам [паказвае], — што ім было непрыемна, што я ж магу з імі размаўляць па-руску", — расказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што прызначыць украінскага спецпрадстаўніка па Беларусі — маўляў, паабяцаў Ціханоўскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.