Рубіа расказаў, як ЗША будуць дзейнічаць у Венесуэле
Марка Рубіа / Reuters / Scanpix
План адміністрацыі Трампа наконт Венесуэлы складаецца з трох этапаў. Іх апісаў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа падчас сустрэчы з прэсай. Паводле Рубіа, гэты план быў прадстаўлены Кангрэсу на пачатку тыдня.
"Першы крок — стабілізацыя краіны. Мы не хочам, каб яна пагрузілася ў хаос", — падкрэсліў Рубіа. Часткай гэтых дзеянняў ён назваў "каранцін", у рамках якога былі захопленыя два караблі ценявога флоту.
ЗША плануюць заключыць угоду па вывазе ўсёй нафты, якая затрымалася ў Венесуле. "Яны не могуць яе перавезці праз наш каранцін і санкцыі. Мы збіраемся забраць ад 30 да 50 мільёнаў барэляў нафты. Мы збіраемся прадаць яе на рынку — па рынкавых цэнах, а не са зніжкамі, якія атрымлівала Венесуэла. Гэтыя грошы будуць размеркаваныя такім чынам, каб мы кантралявалі іх выкарыстанне ў інтарэсах венесуэльскага народа, а не карупцыі або рэжыму", — заявіў Рубіа.
Дональд Трамп у сетцы Truth Social заявіў, што на грошы ад продажу венесуэльскай нафты Каракас зможа купляць толькі тавары ЗША: сельгаспрадукцыю, лекі, медабсталяванне і абсталяванне для энергетыкі.
Другім этапам Рубіа назваў справядлівы доступ амерыканскіх, заходніх ды іншых кампаній на венесуэльскі рынак. Адначасова Штаты хочуць пачаць працэс нацыянальнага прымірэння ў Венесуэле. Апазіцыянераў плануецца амніставаць, вызваліць з турмаў і вярнуць у краіну. Таксама ў рамках гэтага этапу плануецца аднаўленне грамадзянскай супольнасці.
У рамках трэцяга этапу павінна адбыцца перадача ўлады. Рубіа заявіў, што далейшыя падрабязнасці плана будуць агучаныя пазней.