Турма — за "абразы", штраф — за "чайлдфры": як жыве Прыднястроўе

Сталіца Прыднястроўскага рэгіёна — Тыраспаль

Сталіца Прыднястроўскага рэгіёна — Тыраспаль / NewsMaker

Непрызнанае Прыднястроўе існуе ўжо больш за 30 гадоў, застаючыся шэрай прававой зонай Малдовы. І пакуль Кішынёў рыхтуецца да ўступлення ў Еўрасаюз, Тыраспаль працягвае ўводзіць новыя рэпрэсіўныя законы супраць мясцовага насельніцтва. За апошнія дзевяць гадоў у рэгіёне ўжо сталі звыклымі арышты і крымінальныя справы за пасты ў facebook і любое меркаванне, нязручнае для ўладаў дэ-факта.

Як Прыднястроўе ўсе гэтыя гады натхнялася расійскімі (і беларускімі) законамі і што з гэтым пакуль удаецца — або не ўдаецца — зрабіць Кішынёву і міжнароднай супольнасці — разбіраўся NewsMaker. 

Прыднястроўскі рэгіён Малдовы ўжо больш за 30 гадоў жыве паводле ўласных правілаў. У гэтага непрызнанага — у тым ліку Расіяй — утварэння ёсць уласная ўлада, сілавыя структуры і суды. Пры гэтым Масква працягвае захоўваць там вайсковую прысутнасць і фінансава падтрымліваць рэгіён — у тым ліку за кошт паставак газу і надбавак да пенсій.

Нягледзячы на тое, што жыхары Малдовы адносна свабодна перамяшчаюцца паміж двума берагамі Днястра, на Левым беразе сітуацыя з правамі чалавека — асабліва з правам на свабоду выказвання меркавання — у апошнія гады паслядоўна пагаршаецца.

Ужо некалькі гадоў дэ-факта ўлада ў рэгіёне сканцэнтраваная ў руках холдынгу "Шэрыф" — найбуйнейшай камерцыйнай структуры Прыднястроўя. Кампанія кантралюе значную частку буйнога бізнесу: ад сеткі супермаркетаў і заправавак да футбольнага клуба. Пад кантролем "Шэрыфа" і яго ўладальніка Віктара Гушана знаходзіцца і партыя "Абнаўленне".

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Сетка прыднястроўскіх супермаркетаў "Шэрыф" / NewsMaker

На выбарах 2015 года "Абнаўленне" атрымала абсалютную большасць месцаў у мясцовым парламенце — Вярхоўным Савеце. Кансалідацыя ўлады на гэтым не скончылася: у 2016 годзе пасаду лідара рэгіёна — "прэзідэнта ПМР" — заняў Вадзім Краснасельскі, таксама вылучэнец ад "Абнаўлення" і "Шэрыфа".

На выбарах у Вярхоўны Савет, што адбыліся 30 лістапада 2025 года, "Абнаўленне" зноў атрымала перамогу. Большасць кандыдатаў абіраліся ў сваіх акругах наогул без супернікаў.

У выніку "Шэрыф" і афіляваныя з ім палітыкі кантралююць рэгіён ужо дзевяць гадоў. Менавіта за гэты час у Прыднястроўі былі прынятыя або пачалі актыўна прымяняцца рэкордная колькасць законаў, што абмяжоўваюць палітычныя свабоды і свабоду выказвання меркаванняў. Людзі трапляюць у турмы праз пасты ў сацыяльных сетках.

 

2018. "Інаагенты"

Пачалі з праваабаронцаў. У 2018 годзе ў Прыднястроўі прынялі закон, які забараніў мясцовым некамерцыйным арганізацыям (НКА) весці "палітычную дзейнасць" з выкарыстаннем замежнага фінансавання. Адзначым, што для прыднястроўскіх уладаў дэ-факта фінансаванне з Малдовы — таксама "замежнае".

Пракуратура атрымала права праз суд дамагацца ліквідацыі НКА ў выпадку парушэнняў. У тэксце закона няма згадкі пра "замежных агентаў", аднак фактычна ён працуе па мадэлі расійскага аналага. Прыднястроўскі закон істотна абмяжоўвае дзейнасць праваабаронцаў і арганізацый, што працуюць на аснове замежных грантаў. Закон уступіў у сілу ў маі 2018 года, і ўжо восенню з'явілася яго першая ахвяра.

Ёй стаў мясцовы інфармацыйна-прававы цэнтр "Априори", які працаваў у рэгіёне з 2008 года. Цэнтр арганізоўваў адкрытыя лекцыі і кінапрагляды, а адной з яго ключавых задач была прававая абарона. "Априори" адсочваў і публікаваў інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Прыднястроўі, аказваў юрыдычную дапамогу ў асобных выпадках і дамагаўся, каб справы прыднястроўцаў даходзілі да Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Праз тры месяцы пасля таго, як закон уступіў у сілу, пракуроры прыйшлі ў "Априори". Пачаліся гады судовых спрэчак. У выніку праца цэнтра стала немагчымай: у 2024 годзе "Априори" закрыўся. На сайце арганізацыі ёсць вось такі зварот яе кіраўніка Яўгена Дунаева.

"Каб пазбегнуць прафанацыі нашай місіі як арганізацыі грамадзянскай супольнасці “працаю” ў такіх умовах, мы прыйшлі да рашэння аб закрыцці".

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Грамадзянскі клуб "№ 19" — адзін з праектаў інфармацыйна-прававога цэнтра "Априори" (Тыраспаль) / "Априори"

Іншых НКА, што аказваюць падобную юрыдычную падтрымку, у рэгіёне не засталося.

"Усё канчаткова задушана. Ужо нельга казаць ні пра прагрэс, ні пра рэгрэс [правоў чалавека], таму што няма сіл, якія б супрацьстаялі гэтаму. Улада, якая існуе ў Прыднястроўі, дасягнула свайго", — кажа ў каментары для NewsMaker праваабаронца, у мінулым юрыст асацыяцыі "Априори" Сцяпан Папоўскі.

 

2019. "Абразнікі"

У Прыднястроўі ўжо даўно дзейнічае забарона на "адмаўленне станоўчай ролі расійскіх міротворцаў" у рэгіёне. А з 2019 года ў мясцовым Крымінальным кодэксе з’явіліся новыя "абразлівыя" артыкулы — за "абразу прэзідэнта ПМР" і "абразу прадстаўнікоў улады". Гэты блок стаў адным з самых масавых па колькасці арыштаў і крымінальных спраў.

Падставай для абвінавачання можа стаць што заўгодна — пост у сацыяльных сетках або нават фраза, сказаная ў прыватнай размове і данесеная ўладам. Большасць вядомых асуджаных па гэтых артыкулах — пенсіянеры.

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Лідар Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі падчас інспекцыі ўстановы службы выканання пакаранняў у Тыраспалі / Прэс-служба лідара Прыднястроўя

У жніўні 2019 года NewsMaker упершыню даведаўся пра арышт сужэнцаў Таццяны Бяловай і Сяргея Міровіча са Слабадзейскага раёна. Іх затрымалі за пасты ў Telegram-канале, якія следства палічыла публічнай абразай Вадзіма Краснасельскага. Абодвум прызначылі па тры гады пазбаўлення волі: Бялову вызвалілі праз год пасля "здзелкі са следствам", Міровіч правёў у турме два гады.

Яшчэ адным вядомым фігурантам стаў пенсіянер Міхаіл Ермуракі. У 2020 годзе яму выставілі абвінавачанні адразу па ўсіх трох "абразлівых" артыкулах. Падставай стаў напісаны ім ліст, які ён перадаў дырэктарцы адной са школ Тыраспаля. Паводле яе сведчанняў, падчас размовы Ермуракі "неаднаразова абражаў лідара рэгіёна". Саму размову яна запісала на дыктафон. У 2023 годзе пенсіянера асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. На свабоду Ермуракі выйшаў у 2025 годзе пад ціскам Кішынёва — ва ўзросце 73 гадоў.

Па артыкуле аб "абразе расійскіх міротворцаў" крымінальную справу завялі і супраць дворніка Паўла Догара з Бендэр. У лістападзе 2022 года яго абвінавацілі ў "адмаўленні станоўчай ролі расійскіх міротворчых войскаў" праз пост ў facebook. Працэс засакрэцілі, а сам Догар быў вымушаны ўцячы з Прыднястроўя. Вярнуцца дадому ён дагэтуль не можа.

Гэта толькі асобныя прыклады. Па "абразлівых" артыкулах у Прыднястроўі пераследавалі і маладога коміка, і мясцовую апазіцыйную палітыкіню — жанчыну ва ўзросце за 70 гадоў.

 

2019. "Экстрэмісты"

З таго часу, як холдынг "Шэрыф" фактычна сканцэнтраваў уладу ў рэгіёне, у Прыднястроўі прыкметна актыўней пачалі ўжываць артыкулы, звязаныя з "экстрэмізмам". У прыватнасці, было заведзена некалькі крымінальных спраў па абвінавачаннях у "закліках да экстрэмісцкай дзейнасці" — у тым ліку за выказванні ў інтэрнэце і медыях.

Так, у 2020 годзе крымінальную справу "за экстрэмізм" завялі супраць 22-гадовай журналісткі Ларысы Калік. Падставай стала невялікая кніга з ананімнымі інтэрв’ю салдат "прыднястроўскай арміі", у якой маладыя людзі распавядалі пра асабісты досвед службы. Вайсковай інфармацыі кніга не ўтрымлівала. Пад пагрозай крымінальнага пераследу Калік была вымушаная з’ехаць з рэгіёна.

У тым жа 2020 годзе ў непрызнанай рэспубліцы прынялі Стратэгію супрацьдзеяння экстрэмізму, якая пашырыла паўнамоцтвы мясцовых сілавых структур. Пры гэтым фармулёўкі, якія вызначаюць, што менавіта можа лічыцца экстрэмізмам, сталі яшчэ больш размытымі.

Адна з самых вядомых спраў апошніх гадоў — пераслед жыхара Тыраспаля Віктара Пляшканава. У 2022 годзе, пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ён адкрыта выказваў падтрымку Украіне ў сацсетках. Пазней Пляшканава затрымалі — пасля таго, як ён набыў у Тыраспалі тканіну для ўкраінскага сцяга і ў прыватнай размове сказаў: "І хай МГБ (мясцовая спецслужба) абаср*цца".

Пляшканава працяглы час утрымлівалі ў СІЗА, а затым прысудзілі да 3 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі за "публічныя заклікі да экстрэмізму праз інтэрнэт і СМІ".

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пазней высветлілася, што галоўным доказам віны стаў нібыта пост у facebook — "Слава Украіне. Смерць ПМР", існаванне якога абмяркоўвалася толькі са слоў сведак: следства не прадставіла ні скрыншотаў, ні іншых пацвярджэнняў. У 2024 годзе Пляшканава вызвалілі па ўказе аб памілаванні. У зняволенні ён правёў каля двух гадоў.

Па артыкулах пра "экстрэмізм" пераследавалі і іншых мясцовых актывістаў і апазіцыйных палітыкаў. Некаторым удалося пакінуць рэгіён. Актывіст з Рыбніцы Генадзь Чорба правёў год у турме за публікацыі, звязаныя з пандэміяй COVID-19 і за пратэст супраць абмежаванняў на выезд з Прыднястроўя.

Дарэчы, падобная практыка ў многім паўтарае тэндэнцыі апошніх гадоў у Расіі і Беларусі, дзе апанентаў улады ўключаюць у спісы "тэрарыстаў і экстрэмістаў", а цэлыя арганізацыі аб’яўляюць пагрозай бяспецы.

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Дакумент з абвінавачваннямі Віктара Пляшканава / NewsMaker

2022. "Здраднікі Радзіме"

Актуальным у Прыднястроўі зноў стаў яшчэ савецкі артыкул за дзяржаўную здраду. Паводле яго ў рэгіёне можна атрымаць да 20 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне за дзяржаўную здраду існуе ва многіх прызнаных краінах свету. Розніца ў тым, што ў Прыднястроўі няма доступу да правасуддзя, а "здрада Радзіме" трактуецца надзвычай шырока.

У 2022 годзе ў рэгіёне затрымалі Вадзіма Пагарлецкага. Падставай стала тое, што ён сфатаграфаваў вайсковую частку. За гэта атрымаў сем гадоў турмы. Пазней артыкул абвінавачання змянілі на дзяржаўную здраду, а справу засакрэцілі. У выніку Пагарлецкага прысудзілі да 16 гадоў пазбаўлення волі. З жніўня 2022 года Пагарлецкі перастаў выходзіць на сувязь. Праваабаронцы, улады Кішынёва і міжнародныя місіі ўсе гэтыя гады патрабавалі яго вызвалення.

У лістападзе 2025 года ён выйшаў на волю пад ціскам міжнародных дыпламатаў і Кішынёва. Фактычна Пагарлецкі правёў у зняволенні тры гады — за фатаграфію.

 

2024. "Прапагандысты нацызму"

Год таму ў Прыднястроўі пашырылі спіс артыкулаў, звязаных з "экстрэмізмам". Згодна з новымі папраўкамі, "выкарыстанне ў дачыненні да Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі назвы 'Трансністрыя'" прыраўноўваецца да праявы нацызму і лічыцца экстрэмізмам. У законе ёсць агаворка, што калі няма прыкмет "прапаганды нацызму", — ужыванне гэтага тэрміна магчыма. Але хто і як будзе правяраць кантэкст — невядома. За парушэнне пагражае штраф або да 15 сутак арышту.

Адзначым, што ў лацінскай графіцы Transnistria — гэта ўстойлівае абазначэнне Прыднястроўя на румынскай мове і яно не абавязкова мае на мэце адсылку да рэгіёна "Трансністрыя" часоў Другой сусветнай вайны. На момант публікацыі даных пра тое, ці былі ўжо рашэнні па гэтым артыкуле, няма.

 

2025. "Прапагандысты нетрадыцыйных каштоўнасцяў"

Улетку 2025 года Вярхоўны савет Прыднястроўя прыняў новы пакет законапраектаў, "накіраваных на забарону прапаганды нетрадыцыйных каштоўнасцяў сярод дарослых і дзяцей". Пад "нетрадыцыйнымі каштоўнасцямі" ў Тыраспалі разумеюць трансгендарны пераход, аднаполыя адносіны і адмову ад нараджэння дзяцей (чайлдфры).

За "прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў" цяпер пагражаюць штрафы. Фізічныя асобы будуць штрафавацца на суму €100. Калі правапарушэнне здзейснена ў дачыненні да непаўналетніх праз СМІ або ў інтэрнэце, а таксама замежнымі грамадзянамі (у тым ліку маюцца на ўвазе і грамадзяне Малдовы) ці асобамі без грамадзянства — штраф будзе вышэйшы.

Праваабаронца з кішынёўскай асацыяцыі Promo-LEX Вадзім Віеру распавядае, што за 2025 год масавых судовых рашэнняў па новых артыкулах з рэальнымі арыштамі не было.

"Мэта гэтых нормаў іншая — запалохванне (chilling effect). Прадстаўнікі ўразлівых груп і актывісты вымушаныя цалкам сысці ў падполле. Сам факт наяўнасці такога артыкулу развязвае рукі МДБ для выклікаў на допыты і шантажу актывістаў пагрозай публічнага аўтынгу або адміністрацыйнага арышту".

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Ленін і Дом урада ў Тыраспалі / NewsMaker

Новыя прыднястроўскія законы шмат у чым паўтараюць палітыку Расіі і Беларусі ў дачыненні да ЛГБТ-супольнасці і гендарна адчувальных пытанняў. У Расіі абмежаванні ўводзілі паступова: пачаўшы з забароны "прапаганды ЛГБТ" для дзяцей у 2013 годзе, і працягнуўшы ў 2024 годзе прызнаннем "ЛГБТ-руху экстрэмісцкай арганізацыяй". З 2024 года ў Расіі і Беларусі таксама забароненая "прапаганда чайлдфры". У Прыднястроўскім рэгіёне мясцовыя дэ-факта ўлады забаранілі распаўсюд усяго спектру "нетрадыцыйных каштоўнасцяў" адразу.

Дарога ў суды Кішынёва "перакрыта"?

Адзін з спосабаў паспрабаваць абараніць свае правы для жыхароў Прыднястроўя яшчэ нядаўна заключаўся ў звароце ў малдаўскі суд ці праваахоўныя органы, а затым — у Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ). Але з 2022 года нават гэта стала складаным. У Крымінальны кодэкс Прыднястроўя дадалі артыкулы аб "садзейнічанні замежным дзяржавам у крымінальным пераследзе службовых асоб... Прыднястроўя". Парушэнне гэтага артыкула прадугледжвае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. У выпадку, калі пад дзеянне артыкула трапляе арганізаваная група асобаў — тэрмін зняволення для кожнага ўдзельніка можа быць павялічаны да 8 гадоў.

Такім чынам, спробы абараніць сябе праз суды або пракуратуру ў Кішынёве могуць абярнуцца для жыхароў рэгіёна рызыкай атрымаць яшчэ адзін турэмны тэрмін.

"Гэта адказная рэакцыя Тыраспаля на „Закон аб сепаратызме“, прыняты Кішынёвам. У мясцовы „Крымінальны кодэкс“ былі ўнесены папраўкі, якія пашыраюць паняцці „дзяржаўная здрада“ і „шпіянаж“. Любы кантакт жыхара рэгіёна з праваахоўнымі органамі Малдовы (падача скаргі ў паліцыю або пракуратуру РМ на дзеянні прыднястроўскіх чыноўнікаў) цяпер можа трактавацца Тыраспалем як дзеянне, якое пагражае бяспецы рэгіёна. Гэта стварыла беспрэцэдэнтны бар’ер. Людзі баяцца падпісваць дакументы і звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў з Кішынёва, асцерагаючыся, што гэта кваліфікуюць як „супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі“. Мы назіраем рэзкае скарачэнне колькасці афіцыйных зваротаў з-за страху рэпрэсій".

— тлумачыць праваабаронца Promo-LEX Вадзім Віеру.

Тыраспальскі праваабаронца Сцяпан Папоўскі, праўда, дапускае, што пакуль гэтая мера афіцыйна не будзе дзейнічаць. Дэ-факта ўлады яшчэ не зацвердзілі ўсе дакументы, якія тычацца гэтай папраўкі.

"У канчатковым чытанні дадалі, што нельга звяртацца ў інстанцыі, уключаныя ў спіс, зацверджаны прэзідэнтам. Але калі гэты спіс будзе зацверджаны — невядома. Была праведзеная вялікая кампанія па інфармаванні людзей пра гэтую меру, каб запалохаць іх, але пра гэтую апошнюю папраўку ніхто не ведае", — тлумачыць эксперт.

Паводле слоў Папоўскага, у выпадку Прыднястроўскага рэгіёна зварот у ЕСПЧ — гэта амаль гарантаваная перамога. Праваабаронца ўпэўнены, што Малдова, згодна з Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека, абавязана шукаць магчымасць дапамагчы жыхарам Прыднястроўя пазбегнуць парушэння іх правоў. Напрыклад, палітычнымі або дыпламатычнымі метадамі.

Папоўскі лічыць, што Кішынёў выконвае гэтыя абавязкі не ў поўнай меры. Паводле яго, гучныя вызваленні — гэта ў большай ступені вынік працы міжнародных арганізацый, а не малдаўскіх уладаў. Больш за тое, па яго словах, звароты ў малдаўскія суды ўскладняюцца і моўным пытаннем.

"Дакументазварот у Прыднястроўі вядзецца на рускай мове. У малдаўскіх судах патрабуюць інфармацыю на румынскай. Дакументаў можа быць вельмі шмат, і паслугі перакладчыка могуць займаць шмат часу і фінансавых выдаткаў".

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Турма ў Тыраспалі / прэс-служба лідара Прыднястроўя

Паводле меркавання праваабаронцаў, гарантавана атрымаць дапамогу ў Прыднястроўі цяпер немагчыма: праваабарончыя НКА фактычна пад забаронай, мясцовыя суды працуюць у закрытым рэжыме, а зварот у малдаўскія органы ўскладнены.

"Прагноз на бліжэйшую будучыню негатыўны. Няма ніякіх сігналаў да лібералізацыі. Наадварот, кантроль будзе толькі ўзмацняцца. Пакуль Тыраспаль адчувае эканамічную стабільнасць (дзякуючы экспарту ў ЕС) і, галоўнае, не адчувае непазбежнасці пакарання з боку малдаўскай юстыцыі (адсутнасць рэальных крымінальных спраў і прысудаў супраць парушальнікаў правоў чалавека), сітуацыя мяняцца не будзе", — падсумаваў адвакат Promo-LEX Вадзім Віеру.

 

Колькі ўвогуле пацярпелых?

Шмат якія кейсы апошніх гадоў былі закрытыя дзякуючы намаганням міжнародных дыпламатаў. Некалькі жыхароў Прыднястроўя дагэтуль знаходзяцца ў бягах і не могуць вярнуцца дадому ў рэгіён праз актыўныя крымінальныя справы. Аднак усе ўведзеныя нормы працягваюць дзейнічаць і цяпер.

"Сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў прыднястроўскім рэгіёне застаецца змрочнай. Мы атрымліваем мноства сігналаў пра грубыя парушэнні, пра якія паведамляюць ахвяры парушэнняў, іх сваякі, адвакаты, грамадзянская супольнасць або сродкі масавай інфармацыі", — каментуюць у Бюро рэінтэграцыі Малдовы.

Больш дакладных звестак там, аднак, не падаюць.

Колькі дакладна палітвязняў ці людзей, што падвяргаюцца ціску за свае погляды ў Прыднястроўі, — не могуць сказаць ні праваабаронцы з Левага, ні з Правага берага. Шмат хто з ахвяр баіцца звяртацца па дапамогу — у тым ліку з-за новых забаронаў. У пракуратуры Малдовы цяпер знаходзяцца 35 спраў аб парушэнні правоў чалавека ў Прыднястроўі. Але гэтая лічба — прыблізная. Паводле слоў прыднястроўскага праваабаронцы Сцяпана Папоўскага, поўная інфармацыя пра палітвязняў у рэгіёне закрытая.

Праваабаронца кішынёўскай асацыяцыі Promo-LEX Вадзім Віеру кажа, што яго арганізацыя працягвае фіксаваць выпадкі палітычна матываваных пераследаў у прыднястроўскім рэгіёне.

"Гаворка ідзе пра дзясяткі жыхароў рэгіёна, чые правы груба парушаюцца. Што да людзей, якія знаходзяцца непасрэдна ў месцах пазбаўлення волі, то на дадзены момант Promo-LEX аказвае юрыдычную дапамогу 6 бенефіцыярам, асуджаным па адкрыта палітычных артыкулах. Важна падкрэсліць: мы гаворым толькі пра тыя выпадкі, што знаходзяцца ў нашай вытворчасці. Рэальная колькасць палітвязняў, безумоўна, большая. З-за атмасферы страху і інфармацыйнай ізаляцыі многія сваякі баяцца звяртацца да праваабаронцаў. І мы проста не ведаем пра ўсе выпадкі арыштаў. Акрамя таго, статыстыка не ўлічвае тых, каму фабрыкуюць крымінальныя справы па агульнакрымінальных артыкулах дзеля маскіроўкі палітычных матываў".

Даведвацца пра парушэнні правоў чалавека ў Прыднястроўі становіцца ўсё складаней і па іншых прычынах. З лютага 2022 года журналістаў, якія прыязджаюць у Прыднястроўскі рэгіён без акрэдытацыі мясцовага "МЗС", затрымліваюць, штрафуюць або дэпартуюць з рэгіёна.

NewsMaker пры гэтым не вядома ніводнага выпадку, калі рэпарцёрам з Кішынёва афіцыйна дазволілі працаваць у Прыднястроўі з 2022 года — за выключэннем наведвання пасяджэнняў Аб’яднанай кантрольнай камісіі. Рэдакцыя NewsMaker таксама накіроўвала запыты на акрэдытацыю ў 2024 годзе, але атрымала адмову. Усе мясцовыя СМІ знаходзяцца пад кантролем уладаў рэгіёна і холдынгу "Шэрыф".

У Бюро па рэінтэграцыі Малдовы на запыт NewsMaker адзначылі, што праблема нядопуску журналістаў у Прыднястроўскі рэгіён у апошнія гады ўсё часцей закранаецца падчас сустрэч палітычных прадстаўнікоў і абмяркоўваецца з міжнароднымі партнёрамі.

"Пазіцыя Кішынёва заключаецца ў тым, што журналістам павінна быць забяспечана права весці сваю прафесійную дзейнасць на роўных умовах на ўсёй тэрыторыі краіны без неабгрунтаваных патрабаванняў", — гаворыцца ў адказе на запыт NM.

Тюрьма — за "оскорбления", штраф — за "чайлдфри": как живёт Приднестровье
Банер на ўездзе ў Тыраспаль / NewsMaker

Што можна зрабіць?

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што вырашаць праблемы з правамі чалавека ў Прыднястроўі хоць бы часткова можна нават з Кішынёва. Былы пастаянны прадстаўнік Малдовы ў ААН і Савеце Еўропы, палітычны аналітык Аляксей Тулбурэ ў каментары для NM адзначае, што з прававога пункту гледжання міжнародная супольнасць і Кішынёў маюць права ўмешвацца ў сітуацыю ў Прыднястроўі, “паколькі там маюць месца масавыя парушэнні правоў чалавека”.

Добрым прыкладам такога ўмяшання Тулбурэ называе “газавую здзелку” зімой 2025 года. Тады ўлады Кішынёва выставілі патрабаванне Тыраспалю — вызваліць палітвязняў (быў складзены адпаведны спіс) ў абмен на прадастаўленне дапамогі і дазвол на падачу газу, аплачанага з расійскага крэдыту, праз тэрыторыю, якая кантралюецца канстытуцыйнымі ўладамі Малдовы. У выніку былі вызваленыя каля 10 чалавек. У тым ліку — згаданыя тут Віктар Пляшканаў і Міхаіл Ермуракі.

Паводле слоў Тулбурэ, у Кішынёва ёсць і іншыя падобныя рычагі ўздзеяння на Тыраспаль:

"ММЗ, Каньячны завод, Рыбніцкі цэментны завод — усе яны працуюць па малдаўскіх дакументах, выкарыстоўваюць малдаўскія пячаткі. Можна абмежаваць іхні экспарт, пакуль у рэгіёне не адбудзецца дэмакратызацыя. Гэта маё меркаванне. Кішынёў можа і павінен быць зацікаўлены ў вырашэнні праблем з правамі чалавека ў Прыднястроўі".

Тулбурэ лічыць, што сітуацыя з часам можа палепшыцца і дзякуючы прызначэнню на пасаду віцэ-прэм’ера па рэінтэграцыі — былога амбасадара Малдовы ва Украіне Валерыя Ківера.

"Яго ведае ўвесь украінскі істэблішмэнт. А Украіна — важны фактар. Ёсць надзея на тое, што пачнуцца змены, але пакуль я гэтага не бачу", — дадае Тулбурэ.

З 2022 года малдаўска-ўкраінская мяжа, якая праходзіць уздоўж Прыднястроўскага рэгіёна, цалкам перакрытая. Усю камерцыйную дзейнасць Прыднястроўе вымушана ажыццяўляць праз тэрыторыі і мытні, кантраляваныя малдаўскімі ўладамі.

"Да 2014 года Украіна ў фармаце 5+2 заўсёды падтрымлівала Расію. Потым яе пазіцыя змянілася. У некаторых лідараў Прыднястроўя ёсць украінскае грамадзянства. Гэта вельмі сур’ёзны рычаг уплыву. Супраць гэтых людзей Украіна можа распачаць крымінальныя справы. У Кіева ёсць каналы камунікацыі з Тыраспалем, і гэта вельмі важна", — 

нагадваее Тулбурэ.

Палітык лічыць, што на сітуацыю ў Прыднястроўі істотна паўплывае мірнае ўрэгуляванне ва Украіне — прычым незалежна ад выніку цяперашніх перамоваў.

"Калі Украіну зломяць і прымусяць да капітуляцыі, калі мір будзе не на карысць Украіне, гэта негатыўна адаб’ецца і на ўрэгуляванні праднястроўскага пытання. Калі ж мір будзе на карысць Украіне, сітуацыя будзе іншая", — кажа эксперт.

Былы віцэ-прэм’ер па рэінтэграцыі Малдовы Аляксандр Фленкя ўпэўнены, што адзіны спосаб змяніць сітуацыю з правамі чалавека ў Прыднястроўі — гэта поўная рэінтэграцыя рэгіёна ў малдаўскую прававую прастору:

"Іншых варыянтаў няма. Чакаць, што алігархічны паліцэйскі рэжым, усталяваны ў Прыднястроўі, які трымае ў закладніках 300 000 нашых грамадзян, раптам з нейкай прычыны адмовіцца ад сваіх прынцыпаў і правілаў, — гэта глупа і наіўна. Такога ніколі не будзе".

Эксперт адзначае, што пасля лютага 2022 года, калі Расія адкрыта напала на Украіну, склалася знешнепалітычная кан'юнктура, якая спрыяе рэінтэграцыі. Але гэтага само па сабе недастаткова для аб’яднання краіны. Першачарговай задачай Фленкя называе эканамічную рэінтэграцыю рэгіёна.

"Неабходна легалізаваць пастаўкі газу. Цярпець гэта больш нельга. За газ трэба плаціць. За газ павінны плаціць спажыўцы. Пастаўкі газу ў Прыднястроўе павінны ажыццяўляцца на падставе легальных кантрактаў. Гэта павінна быць празрыста, на дакладна такіх жа ўмовах, на якіх газ купляюць усе астатнія ў Малдове. І калі гэта адбудзецца — гэта запусціць незваротныя наступствы, якія ў выніку прывядуць да рэінтэграцыі спачатку эканамічнай і падатковай, а потым і палітычнай. Зразумела, што гэта не пытанне месяцаў, але, тым не менш, пасля 35 гадоў, паверце мне, што гэта можа адбыцца даволі хутка", — рэзюмуе эксперт.

Пры падтрымцы “Медыясеткі”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.