"Бацька сказаў — прыязджай дадому!" Інтэрв'ю з венесуэльскай журналісткай
Габрыэла, венесуэльская журналістка / фота з архіва суразмоўніцы Еўрарадыё
У нядзелю венесуэльскую журналістку Габрыэлу разбудзіў званок бацькоў. У Берліне было 8 раніцы, а ў Каракасе — 2 гадзіны ночы. Бацькі Габрыэлы казалі, што чуюць выбухі і што неба над горадам патрулююць ваенныя самалёты.
Але пра тое, што Нікаласа Мадура больш няма ў краіне, Габрыэла даведалася раней за сваіх бацькоў. Пасля абстрэлаў у многіх раёнах не было інтэрнэту. Калі яна патэлефанавала дадому і паведаміла навіны, бацька закрычаў ад радасці, а дзядуля плакаў — таксама ад шчасця. Увесь наступны дзень Габрыэла правяла на тэлефоне.
Карэспандэнтка Еўрарадыё паразмаўляла з венесуэльскай журналісткай неўзабаве пасля прэс-канферэнцыі Дональда Трампа, калі стала зразумела, што да ўсталявання дэмакратыі ў Венесуэле яшчэ далёка.
Габрыэла распавяла нам, што цяпер адчуваюць людзі ўнутры краіны і чаму іх каментары так моцна адрозніваюцца ад тых, якія даюць палітолагі. І патлумачыла, як гады рэпрэсій паўплывалі на ўспрыманне многімі венесуэльцамі падзей, што зараз адбываюцца, і чаму яны адзначаюць звяржэнне дыктатара.
"Першая эмоцыя — страх, твой горад бамбяць"
— Як ты правяла раніцу нядзелі?
— Мой тэлефон разрываўся. А восьмай раніцы бацька даслаў відэа: абстрэлы, верталёты, што кружлялі над горадам, выбухі, крыкі людзей. Было відаць, што людзі спрабуюць эвакуявацца з раёна, дзе знаходзілася асноўная ваенная база. А я да гэтага часу толькі прачнулася і спрабавала зразумець, што ўвогуле адбываецца. Сам бацька прачнуўся ўначы ад таго, што дом хадзіў ходырам. Спачатку ён падумаў, што гэта землятрус.
Маё першае пачуццё ў той момант — шмат страху. Усё, што ты бачыш — твой горад бамбяць. Уся мая сям'я як раз сабралася ў Каракасе, у доме маіх бацькоў. Яны праехалі 18 гадзін на машыне, каб правесці святы разам, так што, калі ўсё здарылася, усе былі дома. Уся сям'я сабралася ў гасцёўні, малілася і спрабавала зразумець, што адбываецца.
Гэты страх не быў доўгім, таму што менш чым праз дзве гадзіны я ўбачыла твіт Трампа: у ім гаварылася, што Мадура вывезлі з краіны.
Многія сябры тады напісалі мне: “Гэта праўда? Гэта сапраўды адбываецца?" Што я магла адказаць — гэта Трамп, ён можа сказаць усё што заўгодна. Але я тут жа патэлефанавала сям'і. У горадзе не было электрычнасці, і блізкія даведаліся гэтую навіну ад мяне.
Бацька выдаў вокліч радасці, гэта было чыстае шчасце. Дзядуля пачаў плакаць. Гэта быў вельмі эмацыйны момант, і асабліва для яго: яму 80 гадоў, і ён не думаў, што ўбачыць, як сканчаецца рэжым Мадура. І я, трыццацігадовая жанчына, не ведаю іншага ўрада. Першае, што бацька сказаў мне: "Ты нарэшце зможаш прыехаць дадому".
Я не думаю, што гэта магло б адбыцца нейкім іншым чынам. Больш за 20 гадоў мы выходзілі на пратэсты, удзельнічалі ў выбарах — мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя спосабы, каб змяніць рэжым і ўсталяваць дэмакратыю ў нашай краіне.
Так што — чыстая радасць і шчасце. Вось, як мы адчувалі сябе ў той момант. А далей былі эмацыйныя амерыканскія горкі.
— Ты кажаш пра прэс-канферэнцыю Трампа, падчас якой ён сказаў, што нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада "не мае падтрымкі і павагі" сярод венесуэльскага народа?
— Гэтая прэс-канферэнцыя не была тым, чаго мы чакалі. Засталося больш пытанняў, чым адказаў. ЗША сказалі, што будуць кіраваць краінай. Як гэта будзе зроблена? Колькі будзе доўжыцца?
Я чакала, што ўрад ЗША прызнае леташнія выбары сфальсіфікаванымі і ўступіць у дыялог з Марыяй Карынай Мачада [лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру, — Еўрарадыё], адной з вядучых дзеячаў апазіцыі. Што гэты дыялог будзе пра тое, якім чынам мог бы адбыцца транзіт улады. Гэтага не адбылося.
Наадварот, Трамп заявіў, што ЗША вядуць перамовы з віцэ-презідэнткай Дэлсі Радрыгес, якая з'яўляецца часткай гэтага нелегітымнага рэжыму.
Але ў нас ёсць надзея, бо дэмакратычныя змены не адбываюцца цягам ночы. Так, падзеі мінулай ночы даказваюць, што ЗША могуць проста вывезці дыктатара з краіны і з яго ўласнага дома.
Але не так проста пабудаваць інстытуцыяналізаванную дэмакратыю, праўда? Гэта працэс, і ў наступныя некалькі тыдняў мы ўбачым, як усё будзе развівацца.
"Мы не хочам проста прыбраць Мадура, мы хочам змяніць рэжым"
— А што з прыхільнікамі Мадура? Яны якімсьці чынам выказваюць сваю падтрымку скрадзенаму правадыру?
— Я гэтага не бачыла. Ёсць невялікая частка людзей, якая галасавала за Мадура, але большасць з іх — гэта тыя, хто атрымліваў сацыяльныя бонусы ад урада. Яны баяцца змены рэжыму, але, хоць я не магу назваць лічбаў, гэта праўда маленькі працэнт насельніцтва.
Большасць людзей у нашай краіне пацярпелі ад Мадура. Гэта былі гады недахопу ежы, недахопу медыкаментаў, гады, калі дзеці паміралі ў лякарнях. Больш за 8 мільёнаў чалавек вымушаныя былі пакінуць Венесуэлу, а тыя мільёны, якія засталіся, пакутавалі ад голаду.
Для дэмакратычнага транзіту ўлады павінен быць усталяваны пэўны парадак. Вядома, нам хацелася б пачуць [ад Трампа. — Еўрарадыё], што да ўлады стане Эдмунд Гансалес, законна абраны на выбарах 2024 года прэзідэнт. Але гэтага не адбылося.
Тым не менш, я адчуваю, што ўрад ЗША хоча змяніць людзей ва ўладзе. Я не думаю, што ўсе іх дзеянні выкліканыя толькі цікавасцю да венесуэльскай нафты. Таму што будзь справа толькі ў нафце, ім не трэба было б судзіць Мадура, бо ён рабіў адкрытыя прапановы ЗША. Спадзяюся. Мы не ведаем пра вялікія аб'ёмы непублічных перамоў.
Міжнародная аўдыторыя кажа: усё тое, што здарылася, незаконна. Так, гэта незаконна. Але ўрад Мадура — таксама незаконна. Скрасці выбары — гэта незаконна. І міжнародная аўдыторыя павінна пачуць гэта. Гаворка не пра тое, падтрымліваеце вы правую ідэалогію ці левую — кейс Венесуэлы выходзіць за межы правых і левых поглядаў.
— На тваю думку, абяцанае Трампам узнагароджанне за звесткі пра месцазнаходжанне Мадура, дапамаглі рэалізаваць гэтую аперацыю?
— Ох, у сацсетках было столькі жартаў на гэтую тэму... Гэтае ўзнагароджанне пачыналася з 15 і вырасла да 50 мільёнаў долараў.
Падчас прэс-канферэнцыі Трамп пракаментаваў гэтую тэму жартам, заклікаўшы людзей не прыходзіць за грашыма. Падтэкст яго слоў заключаўся ў тым, што аперацыя была праведзеная выключна Злучанымі Штатамі, без якой-небудзь знешняй дапамогі.
Аднак публічныя заявы — асабліва зробленыя экспромтам — не заўсёды даюць поўную або дакладную карціну таго, як рэалізуюцца падобныя аперацыі.
Ёсць некалькі альтэрнатыўных версій. Паводле адной з распаўсюджаных тэорый, хтосьці з бліжэйшага атачэння Мадура перадаў амерыканскім уладам падрабязныя звесткі, якія дазволілі ваенным ЗША высветліць яго месцазнаходжанне. З лістапада рабіліся неаднаразовыя паведамленні пра тое, што Мадура штодня мяняў месца знаходжання і начаваў у розных рэзідэнцыях, каб яго не змаглі выявіць.
Нягледзячы на гэтыя меры перасцярогі, амерыканскія сілы, як паведамлялася, змаглі параўнальна лёгка знайсці яго. І таму некаторыя аналітыкі робяць выснову, што дакладная інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу была перададзеная знутры ўласнага атачэння Мадура.
“Амерыцы патрэбная толькі нафта? Але гэтаму ўраду таксама патрэбная толькі нафта"
— Давай крыху пагаворым пра Венесуэлу для тых, хто толькі ў нядзелю раніцай пачаў сачыць за падзеямі ў вашай краіне. Але нават тыя, хто пачаў сачыць за імі толькі гэтымі днямі, ведаюць: вы багатыя на нафту. Дык чаму эканамічная сітуацыя настолькі складаная?
— Кароткі адказ: даходы ад рэсурсаў ніколі не траплялі ў кішэні звычайных людзей. Яны ішлі ў кішэні людзей ва ўладзе, людзей з рэжыму Мадура, ішлі на прыватныя банкаўскія рахункі сям'і і сяброў тых, хто звязаны з урадам. Затым цэны на нафту ўпалі, і ў спалучэнні з неэфектыўным менеджментам гэта прывяло да крызісу.
Многія аналітыкі сцвярджаюць, што цікавасць ЗША да Венесуэлы ў значнай ступені была засяроджаныя на нафце. Гэта збольшага праўда — нафта заўсёды была адным з галоўных фактараў, якія вызначаюць цікавасць да гэтай краіны з боку свету. Аднак важна разумець, што на працягу дзесяцігоддзяў сама венесуэльская дзяржава ставіла кантроль над нафтай і іншымі стратэгічнымі рэсурсамі вышэй за дабрабыт звычайных грамадзян.