Улады Ірана пакаралі смерцю чалавека, абвінавачанага ў шпіянажы для Ізраіля
Сілавікі стаяць за варотамі бальніцы ў Тэгеране, дзе, паводле відавочцаў, некаторыя пратэстуючыя шукалі прытулак падчас сутыкненняў 6 студзеня 2026 года / iranintl.com
Улады Ірана пакаралі смерцю грамадзяніна краіны, абвінавачанага ў шпіянажы на карысць Ізраіля. Як піша Reuters са спасылкай на іранскае судовае выданне Mizan, імя расстралянага — Алі Ардэстані, заўважыла Радыё Свабода.
“Смяротны прысуд Алі Ардэстані за шпіянаж на карысць выведнай службы Масад шляхам прадастаўлення канфідэнцыйнай інфармацыі быў прыведзены ў выкананьне пасля адабрэння Вярхоўным судом і ў адпаведнасці з юрыдычнымі працэдурамі”, — працытавала агенцтва публікацыю ў іранскім выданні.
Уцягнуты ў дзесяцігоддзі ценявой вайны з Ізраілем, Іран пакараў смерцю многіх людзей, якіх абвінавачваў у сувязях з ізраільскай выведкай і садзейнічанні яе аперацыям у краіне. Колькасць смяротных прысудаў асуджаным за шпіянаж значна павялічылася пасля наўпроставай канфрантацыі паміж краінамі ў чэрвені 2025 году, калі ізраільскія і амерыканскія войскі нанеслі ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана.
Пратэсты ў Іране
Смяротнае пакаранне адбылося на фоне пратэстаў, якія ўжо другі тыдзень працягваюцца ў Іране.
Як паведамляе Іранская служба Радыё Свабода, павялічылася колькасць гарадоў, ахопленых пратэстнымі акцыямі, разам з тым узмацнілася прысутнасць сілавых структур на акцыях.
У сацыяльных сетках публікуюць запісы, на якіх чутныя выстралы. Цяпер пратэстоўцы выкрыкваюць палітычныя лозунгі супраць чыноўнікаў Ісламскай Рэспублікі, асабліва супраць вярхоўнага лідэру Ірана Алі Хаменэі.
Агенцтва AFP паведаміла, што 6 студзеня іранскія сілы бяспекі выкарысталі слезацечны газ для разгону дэманстрантаў на тэгеранскім базары. Газ таксама трапіў у бок лякарні, размешчанай у цэнтры Тэгерану.
Напярэдадні міжнародныя агенцтвы паведамлялі, што ў Іране за дзевяць дзён вулічных пратэстаў загінулі як мінімум 29 чалавек і больш за 1200 былі арыштаваныя.
З канца снежня 2025 году акцыі пратэсту прайшлі як мінімум у 88 гарадах краіны ў 27 з 31 правінцыі.
Пратэсты пачаліся са стачкі ўладальнікаў крамаў у Тэгеране, якія такім чынам адрэагавалі на рэзкі рост цэнаў, інфляцыю і падзенне курсу валюты. Пасля з'яўлення ахвяраў сярод пратэстоўцаў акцыі перараслі ў палітычныя.
Персідзкая служба BBC адзначае, што іранская эканоміка знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Надзеяў на рост у гэтым або наступным годзе амаль няма. Інфляцыя за год, паводле афіцыйных звестак, дасягнула 42%, пры гэтым ежа падаражэла больш як на 70%, а некаторыя самыя асноўныя тавары — больш як на 110%.
Амерыка назірае
З нагоды пратэстаў у Іране выказаўся і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. На чацьвёрты–пяты дзень пратэстаў ён прыгразіў іранскім уладам умяшаннем, калі тыя будуць забіваць пратэстоўцаў.
“Мы знаходзімся ў поўнай баявой гатоўнасці”, — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.
Пасля гэтага ЗША правялі апэрацыю і захапілі вэнэсуэльскага лідэра Нікаласа Мадура. І на наступны дзень Трамп яшчэ раз прыгразіў іранскім уладам.