Як “венесуэльскі кейс” дапамагае зразумець, што будзе з Беларуссю без Лукашэнкі
Зрынутага прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура і яго жонку Сілію Флорэс вядуць ў суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрка / Kyle Mazza / CNP / INSTARimages / Scanpix / LETA
Спецаперацыя амерыканскіх вайскоўцаў па выкраданні нелегітымнага прэзідэнта Нікаласа Мадура са сталіцы Венесуэлы нарабіла многа шуму. І паставіла перад беларусамі шмат пытанняў — а што, калі нешта падобнае адбудзецца ў Беларусі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Ці захаваецца яго рэжым пасля знікнення аўтакрата? Што будуць рабіць іншыя прадстаўнікі рэжыму? Якія сцэнары развіцця падзей магчымыя і што будуць рабіць дэмсілы?
На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.
— Захоп амерыканскімі вайскоўцамі венесуэльскага аўтакрата — што гэта было? І наколькі такі досвед можа быць карысны для Беларусі?
— Амерыканскія дзеянні ў Венесуэле былі заснаваныя не на міжнародным праве, а на нацыянальным заканадаўстве Злучаных Штатаў. Асновай стаў ордар на арышт, выдадзены пракурорам Нью-Ёрка.
Гэта важны момант, бо Злучаныя Штаты не з’яўляюцца ўдзельнікам Міжнароднага крымінальнага суда і не падпісвалі Рымскі статут. Пры гэтым паралельна існуе і міжнароднае расследаванне, якое вядзе Міжнародны крымінальны суд у дачыненні да вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Венесуэлы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці. Такім чынам, нацыянальныя і міжнародныя механізмы могуць існаваць адначасова, не выключаючы адзін аднаго.
Амерыканскі падыход у дачыненні да Мадура грунтаваўся таксама на непрызнанні яго легітымным кіраўніком дзяржавы. Хоць міжнароднае права прадугледжвае функцыянальны імунітэт для асоб, якія фактычна ажыццяўляюць уладу, Злучаныя Штаты свядома адмовіліся ад прызнання гэтага статусу.
Яны абгрунтавалі свае дзеянні тым, што Мадура здзяйсняў злачынствы, якія шкодзяць нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Такі падыход дазволіў ім дзейнічаць у межах уласнага прававога поля.
У выпадку Беларусі існуе падобная сітуацыя, калі шэраг асоб знаходзіцца ў вышуку па рашэннях той самай пракуратуры Нью-Ёрка ў сувязі з тэрарыстычным захопам грамадзянскага самалёта ў 2021 годзе. Адначасова вядуцца намаганні па зборы і перадачы доказаў для міжнародных расследаванняў, у тым ліку з мэтай выдачы ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці. У гэтым кантэксце Венесуэла і Беларусь маюць агульныя рысы, хоць палітычныя і геапалітычныя ўмовы істотна адрозніваюцца.
— Наколькі рэжым Мадура жыццяздольны без яго самога? Ці магчымае агучанае Дональдам Трампам “знешняе кіраванне” дзяржавай без вайсковай акупацыі тэрыторыі?
— Пасля захопу Мадура яго віцэ-прэзідэнтцы быў прапанаваны сцэнар кантраляванага канстытуцыйнага транзіту. Амерыканцы зрабілі стаўку на тое, каб улада заставалася ў руках функцыянальных дзяржаўных інстытутаў, у прыватнасці віцэ-прэзідэнта, каб пазбегнуць хаосу, анархіі і грамадзянскага канфлікту.
Пры гэтым умовы былі жорстка акрэсленыя: у краіне павінны адбыцца выбары ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Менавіта гэты механізм разглядаецца як шлях да паступовага і мірнага пераходу да дэмакратычнага кіравання.
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Марка Рубія адкрыта заявіў, што папярэднія выбары ў Венесуэле былі сфальсіфікаваныя і не адлюстроўвалі волю народа. Пры гэтым ён падкрэсліў, што большасць венесуэльцаў арыентуецца на дэмакратычныя каштоўнасці. Злучаныя Штаты не сталі сілай вяртаць апазіцыю да ўлады, каб не справакаваць унутраны крызіс, але выразна далі зразумець дзеючым уладам, што правядзенне сапраўдных дэмакратычных выбараў з’яўляецца абавязковай умовай.
— Якія вы бачыце магчымыя сцэнары ў Беларусі пры знікненні Лукашэнкі? І што могуць у гэтай сітуацыі зрабіць дэмсілы ў эміграцыі?
— Калі перанесці венесуэльскі кейс на беларускі кантэкст, можна ўявіць сітуацыю, калі Аляксандр Лукашэнка не можа выконваць абавязкі прэзідэнта ў выніку арышту па рашэнні міжнародных судовых органаў.
— Любая спроба захаваць палітыку Лукашэнкі без яго самога сутыкнецца з жорсткай пазіцыяй Захаду. Такія выбары не будуць прызнаныя, санкцыі застануцца ў сіле і будуць узмацняцца. Ужо цяпер эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, што прызнае і сам Лукашэнка, адзначаючы складанасць бліжэйшых гадоў. Гэты ж выклік паўстане перад любым яго пераемнікам.
На працягу доўгага часу вядуцца перамовы паміж адміністрацыяй Злучаных Штатаў і Лукашэнкам, у тым ліку па пытанні вызвалення палітычных зняволеных. Частковыя крокі з боку рэжыму не змянілі агульнай сітуацыі і ўспрымаюцца як гандаль людзьмі.
На фоне гэтага застаюцца факты гібрыднай агрэсіі, кантрабанды, выкарыстання мігрантаў і захопу самалёта. У пэўны момант цярпенне можа скончыцца, што створыць для Лукашэнкі асабіста вельмі небяспечныя наступствы.
Лукашэнка імкнецца прадухіліць рэзкі і некантраляваны сцэнар, ствараючы канструкцыю Усебеларускага народнага сходу, праз якую ён мог бы захоўваць уплыў нават пасля фармальнага сыходу. Аднак у выпадку раптоўных падзей уся сістэма апынецца ў стане шоку.
У такой сітуацыі адкрываецца акно магчымасцяў для беларускага грамадства і дэмакратычных сіл, калі загадзя будуць наладжаныя каналы камунікацыі і падрыхтаваныя прапановы для нацыянальнага дыялогу.
Галоўнай перашкодай для гэтага застаецца сам Лукашэнка, які ўсё яшчэ кантралюе сістэму, але ціск вакол яго з кожным годам становіцца мацнейшым.