"Лаяльнасць разбураецца вельмі хутка". 4 ўрокі для Лукашэнкі пасля арышту Мадура
Вынік абстрэла Каракасу / LRT
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка аналізуе падзеі ў Венесуэле і тлумачыць, якое значэнне яны могуць мець для Беларусі.
"Лукашэнка баіцца сілавога сцэнару. Не як прапагандысцкага прыёму — а асабіста. Гадамі ён казаў пра “напады” і “ўзброеныя ўварванні”, бо гэты страх рэальны. Венесуэла разбурала ключавую ілюзію: дыктатары не недатыкальныя.
Легітымнасць мае значэнне — і гэта не абстракцыя. ЗША не зрынулі законнага лідара — яны выканалі ордар на арышт чалавека, якога лічаць злачынцам. Гэтае адрозненне прынцыповае і небяспечнае для дыктатараў.
Яшчэ адзін урок — лаяльнасць разбураецца хутка. Блізкае атачэнне Мадура не аказала супраціву. Гады кантролю зніклі за лічаныя хвіліны. А “сябры” — паняцце ўмоўнае. Пуцін не выратаваў Асада. У выпадку праблем ён можа не выратаваць і Лукашэнку.
І цяпер галоўнае — каб народ Венесуэлы атрымаў мірны, інклюзіўны і дэмакратычны пераход улады, са свабоднымі і справядлівымі выбарамі, заснаванымі на нацыянальным і міжнародным праве. Гэта магло б стаць пазітыўным прэцэдэнтам і для Беларусі", — напісаў Вячорка ў сацыяльнай сетцы X.
Нагадаем, што 3 студзеня спецпадраздзяленні ЗША правялі паспяховую аперацыю па арышце Нікаласа Мадура проста ў цэнтры сталіцы Венесуэлы — Каракасе. Генеральны пракурор ЗША прад’явіць яму абвінавачанні ўжо 5 студзеня 2026 года.