“Там горача, тут холадна”. Кубінец — пра дыктатуры Беларусі і Лацінскай Амерыкі
Гавана, 6 студзеня / AFP-JIJI
Раберта Касануэву ў снежні 2021 года дэпартавалі з Беларусі. Перад гэтым ён амаль год правёў у ІЧУ на Акрэсціна за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў.
Цяпер кубінец жыве ў Літве, дзе доўгі час дамагаўся палітычнага прытулку.
На фоне падзей, якія цяпер адбываюцца ў Венесуэле, і заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што наступнымі могуць стаць Калумбія або Куба, Еўрарадыё вырашыла пагаварыць з Раберта, чыё жыццё звязана адразу з некалькімі дыктатурамі, пра яго ацэнку такога сцэнара.
У іх у турме горача, у нас — холадна
— Я будыст, — кажа Раберта. — Гэта не рэлігія, а філасофія і лад жыцця. Тут няма табу, стэрэатыпаў, пакланення чамусьці, але ёсць вялікі клопат пра тое, каб усе істоты былі шчаслівымі.
А людзі, якія жылі пры рэжыме Нікаласа Мадуры, былі вельмі няшчаснымі. Ён украў выбары, сфальсіфікаваў іх — вам гэта нічога не нагадвае?
— Вельмі.
— Мне таксама.
Раберта нядаўна размаўляў з венесуэлкай, якая распавяла яму пра ўзровень рэпрэсій у Венесуэле: тых, хто выступае супраць рэжыму, “адразу забіраюць у турму, а там з імі могуць рабіць што заўгодна”.
— Тое самае адбываецца і ў Беларусі. Адзін у адзін. Адрозненне толькі ў тым, што там у турме горача, а ў нас — холадна. Там таксама людзі паміраюць. І гэта безгранічча ніхто не кантраляваў. Што хачу, тое і раблю. Таксама гандлююць палітвязнямі. І канца гэтаму не было.
“Ракавая пухліна Лацінскай Амерыкі”
Раберта лічыць, што з Венесуэлай Трамп абышоўся “хірургічна” і не паводзіў сябе, як Пуцін. Ён адзначае, што падчас аперацыі загінула ўсяго 40 чалавек.
— І тут важны момант: 32 з іх былі кубінцамі.
— Уяўляеце? Пры гэтым на Кубе ў свой час адмаўлялі, што ў Венесуэле ёсць кубінскія войскі. Аказалася, што ёсць. Гэта людзі-наёмнікі, якія ахоўвалі злачынцу.
— Наколькі моцна Куба залежыць ад Венесуэлы?
— Палітычна Куба дыктуе Венесуэле, як сябе паводзіць. Яна як ракавая пухліна ў Лацінскай Амерыцы. Куба кажа: маўляў, давай пастаўляць ЗША наркотыкі. І Венесуэла адказвае: так, давай.
Тыя людзі, якія там загінулі, ахоўвалі злачынцу. Яны ведалі, што ён злачынца і што можа здарыцца. Я не рады, што яны загінулі, але ў іх такая карма.
Эканамічна, кажа Раберта, Куба залежала ад Венесуэлы: та пастаўляла ёй нафту. Якія схемы пры гэтым выкарыстоўваліся, у тым ліку для перапродажу вуглевадародаў, можна толькі здагадвацца. Але дзякуючы суду над Мадурам, магчыма, сітуацыя стане больш зразумелай.
— Як бы вы адрэагавалі, калі б на Кубе адбылася такая ж аперацыя?
— Я быў бы шчаслівы. Я ведаю, што ўрад Кубы вельмі занерваваўся. Яны ўзмацнілі рэпрэсіі, праверкі тэлефонаў.
Па-першае, яны не здольныя супрацьпаставіць нешта, што магло б перашкодзіць ЗША. У Венесуэле было вельмі шмат расійскай вайсковай тэхнікі. Пуцін узбройваў Каракас. А на Кубе гэтага няма. З пункту гледжання вайсковай магутнасці ЗША будзе нават прасцей правесці такую аперацыю.
Але гэта маё асабістае меркаванне. Я ведаю, што кубінцы ў эміграцыі і кубінцы-апазіцыянеры, якія знаходзяцца на Кубе, таксама мараць пра тое, каб Трамп правёў такую аперацыю.
“Дыктатары нічога новага не прыдумалі”
— Нейкі час таму з’яўляліся артыкулы пра лібералізацыю на Кубе…
— Я не ведаю, адкуль такія дадзеныя. Праблема Кубы ў тым, што гэта востраў. Краіна фізічна ізалявана ад свету.
Беларусь у еўрапейскім кантэксце — гэта еўрапейская краіна. Хочаш ці не, ты бачыш, як жывуць суседзі ў Польшчы, Літве: што апранаюць, што можна купіць у краме, на якіх машынах ездзяць. На Кубе гэтага няма — вакол вада.
Цяпер дзякуючы інтэрнэту пачала адкрывацца інфармацыя пра жах, які там адбываецца. Людзі могуць паказваць, што адбываецца на самой справе. Але ў рэальнасці ўсё жорстка зарэпрэсавана.
Нават у маім выпадку. Калі мяне выкінулі з Акрэсціна, мяне там [на Кубе. — Еўрарадыё] ужо чакалі, каб зноў пасадзіць. І дзякуючы супольнасці я атрымаў гуманітарны ВНЖ у Літве. Яны абламаліся і не змаглі мяне пасадзіць.
Нічога не змянялася да лепшага. Яны жывуць толькі дзеля таго, каб узбагаціць сябе. Краіна знаходзіцца ў заняпадзе — эканамічным, палітычным, сацыяльным.