Дзевяць беларускіх лыжнікаў выступяць на парагонках этапу Кубка свету

Лыжнікі, ілюстрацыйнае фота

Лыжнікі, ілюстрацыйнае фота / adventuretime.by

На этапе Кубка свету ў паралыжных гонках у Баварыі выступяць беларускія і расійскія лыжнікі. Гэта адбудзецца ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на нямецкае спартовае інфармагенцтва SID. Спаборніцтвы пройдуць 14-18 студзеня. 

Для ўдзелу ў іх зарэгістраваліся дзевяць беларускіх і 18 расійскіх спартоўцаў. Паралыжнікі будуць выступаць як індывідуальныя спартсмены ў нейтральным статусе.

На пачатку снежня 2025-га Міжнародны спартыўны арбітражны суд (CAS) часткова задаволіў пазовы Беларусі і Расіі супраць Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS). CAS дазволіў спартоўцам з РБ і РФ удзельнічаць у спаборніцтвах FIS у нейтральным статусе. Аднак яны мусяць адпавядаць шэрагу крытэраў, сярод якіх — не падтрымліваць уварванне Расіі ва Украіну і не мець сувязяў з сілавымі структурамі.

Квоты на Паралімпійскія гульні, якія пройдуць у сакавіку, ужо размеркаваныя. Але калі беларусы і расіяне набяруць рэйтынгавыя ачкі на этапах Кубка свету, дык могуць трапіць на Паралімпіяду.  У гэтым выпадку, як адзначаецца, яны змогуць нават выступаць на Гульнях пад сваімі сцягамі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.