Стаў вядомы прысуд анкахворай мазыранцы, асуджанай па "справе Гаюна"
Ірына Левіна / фота з сацсетак
Правабаронцы даведаліся, які прысуд вынеслі анкахворай Ірыне Левінай, якую летась 25 чэрвеня жорстка затрымалі проста на выхадзе з анкалагічнага дыспансера ў Мазыры.
У канцы снежня стала вядома, што справа Левінай паступіла на разгляд у Гомельскі абласны суд. Жанчыну вінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса), пішуць праваабаронцы з "Гомельскай Вясны". Нібыта мазыранка нешта паведамляла маніторынгаваму тэлеграм-каналу "Беларускі Гаюн", які адсочваў дзеянні расійскай арміі ў Беларусі перад і падчас узброенай агрэсіі супраць Украіны.
Паводле звестак праваабаронцаў, Левінай прысудзілі чатыры гады "хатняй хіміі" і штраф у 500 базавых велічыняў.
Раней медыкі расказвалі, што жанчына не магла нармальна праходзіць лекаванне: яна баялася класціся ў клінікі, бо яе меліся судзіць. Праваабаронцы намагаюцца высветліць, у якім стане Ірына Левіна цяпер.