55 удзельнікаў махлярскага call-цэнтра ў Мінску адправілі ў ІЧУ
Затрыманні ў махлярскім кол-цэнтры / МУС
У МУС абнародавалі падрабязнасці затрыманняў удзельнікаў махлярскага call-цэнтра ў Мінску.
На працягу пяці гадоў удзельнікі групы выцягвалі грошы ў грамадзян пад выглядам інвестыцыйнай дзейнасці на рынку "Forex". Яны выкарыстоўвалі метады таргетынгавай рэкламы і розныя інтэрнэт-пасткі, якія перанакіроўвалі карыстальнікаў на падкантрольныя сайты. У МУС заяўляюць, што выявілі больш за 900 такіх сайтаў.
Грошы даверлівых ахвяраў асядалі на "дропаўскіх" рахунках ці крыптагаманцах. Для падману "інвестараў" на падкантрольных сайтах падаваліся падробленыя справаздачы і фальшывыя звесткі пра даходнасць аперацый.
Сілавікі правялі ператрусы ў чатырох офісах і дома ў фігурантаў крымінальнай справы. Паведамляецца, што на "працоўных месцах" знаходзіліся 192 чалавекі, яшчэ 22 былі затрыманыя ў сябе дома. На сёння 55 кіраўнікоў і найбольш актыўных удзельнікаў арганізаванай групы былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.
Падчас 78 ператрусаў аператыўнікі канфіскавалі камп'ютарную тэхніку, мабільнікі, дакументацыю і электронныя носьбіты інфармацыі. Былі выяўленыя і канфіскаваныя звыш 700 тысяч рублёў і 11 аўтамабіляў. Накладзены арышт на 47 рахункаў суб'ектаў гаспадарання, на якіх заблакавана больш за 1 мільён долараў.
Паведамляецца, што міліцыя выявіла больш за 1000 грамадзян Беларусі, пацярпелых ад супрацьпраўнай дзейнасці гэтай групы.