П'яны пасажыр у цягніку Віцебск-Мінск ударыў спадарожніка нажом у шыю
Нож, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
12 лютага Беларуская чыгунка паведаміла пра затрымку цягніка Віцебск-Мінск. Прычынай называлі супрацьпраўныя дзеянні аднаго з пасажыраў. Затрымка цягніка з прыбыццём на канцавую станцыю склала каля 1 гадзіны.
У пятніцу Следчы камітэт паведаміў падрабязнасці інцыдэнту. Каля станцыі Барысаў п'яны 36-гадовы пасажыр напаў на іншага. Нецвярозы мужчына меў квіток на верхняе месца, але заняў бакавое. Ён чапляўся з роспытамі да замежніка і рабіў пахабныя каментары на адрас дзяўчыны. Пры гэтым мужчына даліваў алкаголь у гарбату, прынесеную правадніцай.
Паміж ім і 45-гадовым суседам пачалася слоўная сварка. На станцыі Барысаў каля 18:00 мужчыны дамовіліся выйсці з цягніка, каб "разабрацца" на вуліцы. Пакуль цягнік стаяў на станцыі, п'яны пасажыр падняўся і нечакана ўдарыў сцізорыкам у шыю свайму апаненту. У гэты ж момант цягнік паехаў.
Відавочцы пачалі аказваць дапамогу пацярпеламу. На наступнай станцыі, у Жодзіне, яго шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Медыкі дыягнаставалі ў яго колата-рэзанае раненне шыі з пашкоджаннем сонных артэрый, а таксама ярэмных вен. Гэта лічыцца цяжкім цялесным пашкоджаннем.
Міліцыянты затрымалі нападніка. На яго пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў замаху на забойства з хуліганскіх памкненняў.