Брэндам Kvitki.by цяпер валодае структура Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі
Лагатып Kvitki.by / Квіткі.бай
Таварныя знакі kvitki.by у сярэдзіне студзеня 2026 года перайшлі дзяржаўнаму прадпрыемству "Беларускія латарэі". Інфармацыю пра гэта выданне "Зеркало" заўважыла ў базе даных таварных знакаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ў Афіцыйным бюлетэні цэнтра.
"Беларускім латарэям" перайшлі два таварныя знакі kvitki.by — з аднолькавай назвай, але розным дызайнам. Гэтае прадпрыемства ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
Раней паведамлялася, што кіраўніцтва праекта затрымалі ў жніўні мінулага года. Гэта адбылося падчас хапуну ў канцэртнай сферы. Амаль суткі сэрвіс kvitki.by не працаваў, а таксама выдаліў некалькі сваіх старонак у сацсетках. Увосень 2025-га стала вядома пра ліквідацыю юрыдычнай асобы. Паведамлялася, што такое рашэнне прыняў уладальнік.
Сэрвіс kvitki.by працаваў у Беларусі з канца нулявых. Ім займалася кампанія "Квіткі Бел". Уладальнікам гэтай кампаніі з 2024 года было эстонскае паявое Таварыства "БТХ Інвест".