Суд у Лейпцыгу пацвердзіў штраф Ёргу Дорнау за цыбульную ферму ў Беларусі
Ёрг Дорнау / bild.de
Суд пакінуў у сіле штраф, накладзены на дэпутата ад папулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) Ёрга Дорнау за ўтойванне бізнесу ў Беларусі.
Штраф на ўладальніка фірмы "Цыбулька-Бел" наклаў у жніўні 2024-га прэзідыум парламента (ландтага) зямлі Саксонія. Дорнау абавязалі выплаціць 20 862 еўра. Парушэннем прызналі тое, што дэпутат у вызначаны законам тэрмін не паінфармаваў нямецкія ўлады, што валодае доляй кампаніі ў Беларусі і з'яўляецца там дырэктарам.
Дорнау сцвярджаў, што не абавязаны быў паведамляць пра ферму, а сам штраф палічыў занадта высокім. 10 снежня адміністрацыйны суд Лейпцыга пастанавіў, што рашэнне пра штраф было законным, адзначае Die Zeit. Пра сваю долю ў беларускай кампаніі дэпутат не паведамляў каля трох з паловай гадоў, а дэкларацыі падаў толькі пасля таго, як ландтаг пачаў працэдуру супраць яго.
Дорнау можа абскардзіць рашэнне суда ў Вышэйшым адміністрацыйным судзе Саксоніі.
Скандал з кампаніяй "Цыбулька-Бел" звязаны з тым, што для працы на плантацыях прыцягвалі беларусаў, асуджаных па палітычных абвінавачаннях. Дорнау падпісаў адпаведнае пагадненне з лідскімі міліцыянтамі. Работнікам плацілі каля 5 еўра дзень. Як выявілі журналісты, нямецкі ўладальнік асабіста правяраў працу палітвязняў. Тых, хто адмаўляўся працаваць на ферме, прыкоўвалі кайданкамі да батарэі.
Крымінальную справу на Дорнау пракуратура Лейпцыга пачынаць адмовілася.