Найбуйнейшую сетку фастфуду ў Беларусі адкрываў экс-супрацоўнік КДБ
  КДБ
Саўладальнік сетак рэстаранаў KFC і кавярняў Cofix у Беларусі выявіўся былым супрацоўнікам КДБ. Да таго, як заняцца бізнесам у грамадскім харчаванні, ён мінімум дзевяць гадоў служыў у цэнтральным апараце спецслужбы, піша выданне "Зеркало".
Гаворка ідзе пра Сяргея Дуціна, гендырэктара кампаніі "Бел Фуд сэрвіс". Менавіта яна першай у Беларусі выйграла конкурс на працу па сусветна вядомай франшызе KFC.
З дапамогай BELPOL журналісты высветлілі, што з 2005 года Дуцін лічыўся ў цэнтральным апараце КДБ, тады яму было 18 гадоў. Паралельна з гэтым — з 2006 па 2011 год — ён вучыўся ў расійскім МДУ па спецыяльнасці "крыптаграфія", як паведамляецца на яго старонцы ў LinkedIn.
У 27-гадовым узросце Дуцін пакінуў службу і ўзначаліў новую кампанію "Бел Фуд сэрвіс". Ён быў запісаны яе дырэктарам з першага дня працы. Гэта адбылося ў 2014-м. Потым ён адкрываў рэстараны ў рэгіёнах, некалькі разоў даваў інтэрв'ю, удзельнічаў у журы прафесійных прэмій. У жніўні 2019-га Дуцін атрымаў долю ў кампаніі і кіраваў ёй да канца 2023 года. Цяпер, як паведамляецца, Дуцін "часова не працуе", але застаецца чальцом рады дырэктараў кампаніі і яе саўладальнікам (11,15% акцый у статутным фондзе).
Каля 72% акцый "Бел Фуд сэрвісу" належыць сваякам заснавальнікаў гандлёвага дома "Ждановічы" — нябожчыкаў Міхаіла Пракаповіча і Яўгена Шыгалава. Абодва ўваходзілі ў лік найбагацейшых людзей Беларусі. Яшчэ 17,14% акцый трымае Аляксандр Шушко.
У ліпені 2019-га Дуцін заснаваў кампанію "Урбан снэкі", якая занялася развіццём сеткі Cofix у Беларусі. У тым жа годзе ў склад уласнікаў кампаніі ўвайшлі астатнія ўдзельнікі "Бел фуд сэрвіс". Ізраільскі брэнд кавярняў Cofix мае фіксаваную экстрэмальна нізкую цану на напоі і дэсерты. Цяпер пад гэтым брэндам працуе больш за 50 пунктаў у Мінску і Гродне. Дуціну належыць 15,77% гэтай кампаніі.
Дарэчы, гэтыя ж людзі стаяць за рэстараннай сеткай Yes! Burger. Гэтыя рэстараны ўжо адкрытыя ў Мінску, Бабруйску і Магілёве.