Ліквідуюць сэрвіс "Квіткі.бай"

Лагатып "Квіткі.бай"

Лагатып "Квіткі.бай" / Квіткі.бай

У працэсе ліквідацыі знаходзіцца юрыдычная асоба найбуйнейшага сэрвісу па продажы білетаў "Квіткі.бай" — "Квіткі Бел". Раней паведамлялася, што яе кіраўніцтва трапіла пад затрыманне падчас "хапуну" ў канцэртнай сферы.

Рашэнне ўласнікаў аб ліквідацыі кампаніі датуецца 17 верасня, заўважылі расследвальнікі з "Бюро".

Напрыканцы жніўня з'явіліся звесткі пра затрыманне кіраўніцтва кампаніі. Пры гэтым старонкі "Квіткі.бай" у сацсетках былі выдаленыя, а мабільнікі супрацоўнікаў недаступныя.

Пасля "тэхнічнага збою" сайт усё ж аднавіў працу. Аднак з'явілася паведамленне, што Kvitki.by часова не рэалізуе квіткі, а па ўсіх пытаннях пакупнікоў накіравалі да арганізатараў мерапрыемстваў.

У СМІ пісалі, што затрыманне супрацоўнікаў сэрвісу можа быць звязанае з чатам "ОргBY", які ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле версіі КДБ, да гэтага чату меў дачыненне дырэктар "Квіткі.бай" Аляксандр Касінскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.