Лукомльскае возера здалі ў арэнду заводу, які належыць "гаманцу" Лукашэнкі

Васіль Дземянцей (крайні злева) і Анатоль Каросцін (крайні справа) на адкрыцці Лукомльскага кансервавага завода 

Васіль Дземянцей (крайні злева) і Анатоль Каросцін (крайні справа) на адкрыцці Лукомльскага кансервавага завода  / vitbichi.by

Уласнае прадпрыемства па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі — Лукомльскі кансервавы завод запусціў бізнесовец Аляксандр Зайцаў, якога называюць "гаманцом" Аляксандра Лукашэнкі.

89% акцый кампаніі ён перапісаў на свайго 21-гадовага сына Рамана Зайцава, паведамляюць расследвальнікі "Бюро". Яшчэ 10% належаць Васілю Дземянцею — былому намесніку старшыні КДБ і Дзяржаўнага мытнага камітэта. Пасля завяршэння кар’еры ў сілавых ведамствах Дземянцей узначальваў фірму "Брэміна груп", якой валодаюць Зайцаў-старэйшы і ягоныя бізнэс-партнёры Аляксей Алексін і Мікалай Варабей.

Дырэктарам завода стаў Анатоль Каросцін, які раней служыў начальнікам Лепельскага міжраённага аддзела ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Дарэчы, менавіта там у 1980-х пачынаў сваю кар’еру і Васіль Дземянцей.

Завод быў адкрыты 4 кастрычніка ў Новалукомлі Чашніцкага раёна. Праект ажыццяўляўся ў рамках інвестыцыйнай дзяржпраграмы "Адзін раён — адзін праект". Інвестыцыі ў яго склалі больш як 18 мільёнаў рублёў, з якіх 13,5 мільёна — гэта крэдыт "Белаграпрамбанка".

Таксама ўлады вылучылі заводу ўчастак у 2,8 гектара і перадалі ў арэнду возера Лукомльскае і квоту на вылоўліваннеў 50 тон прэснаводнай рыбы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.