Расце імпарт сыравіны з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь — СЧБ

Аб’ёмы перавысяць паказчыкі мінулага года

Аб’ёмы перавысяць паказчыкі мінулага года / pixabay.com

Імпарт з акупаваных тэрыторый Украіны становіцца сістэмнай крыніцай сыравіны для беларускіх прадпрыемстваў, гаворыцца ў аналітычным аглядзе “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”. Белчыгунка забяспечвае лагістыку, удзельнічаючы ў легалізацыі і транспарціроўцы прадукцыі, уключаючы тавары з ДНР і ЛНР. Паводле прагнозу, у 2025 годзе імпарт перавысіць паказчыкі 2024 года, узмацняючы вытворчую ўзаемасувязь і залежнасць шэрагу сектараў эканомікі.

За I квартал 2025 года ў Беларусь увезена 135 вагонаў (9 243 тоны). Усяго з студзеня па верасень 2025 года імпарт з акупаваных тэрыторый Украіны дасягнуў 667 вагонаў і 41 907 тон. За аналагічны перыяд 2024 года аб’ём складаў 382 вагоны і 25 425 тон, то бок вагонаток павялічыўся прыкладна ў 1,75 раза, а маса — на дзве траціны. 

За ўвесь 2024 год імпарт склаў 674 вагоны (45 390 тон).

У II і III кварталах 2025 года чыгуначны імпарт у Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны склаў 532 вагоны (32 664 тоны), а сярэднямесячны аб’ём за красавік–верасень дасягнуў прыкладна 89 вагонаў і звыш 5 400 тон, што перавышае паказчыкі пачатку года і сярэдні ўзровень за 2024 год.

Асноўнымі імпартуемымі катэгорыямі выступілі сыравінныя і паўфабрыкатныя грузы: фарфоравая гліна для керамічнай прамысловасці, ліцейны кокс для металургіі і машынабудавання, каменнавугальныя смалы для хіміі, сталёвая прадукцыя і буйнагрузавыя кантэйнеры для тэхналагічных ланцужкоў буйных прадпрыемстваў.

Калі параўноўваць бягучыя значэнні з 2020–2023 гадамі, цяперашні ўзровень у чатыры разы перавышае базу папярэдніх гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.