Стала вядома, з чым звязаныя затрыманні арганізатараў канцэртаў — "Наша Ніва"

Праўладны канцэрт, ілюстрацыйнае фота

Праўладны канцэрт, ілюстрацыйнае фота

Пад канец лета стала вядома пра шэраг затрыманняў сярод арганізатараў канцэртаў. Спачатку паведамлялася пра затрыманне дырэктара Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага. Потым стала вядома, што ў СІЗА аказаліся кіраўнікі івэнт-кампаній Ілля Піятроўскі з Blackout Studio і Аляксандр Манышаў, які мае дачыненне да агенцтваў "Атам Інтэртэйнмэнт" і "Анбрэйкбл", што абслугоўвалі праўладныя мерапрыемствы. Таксама паведамлялася пра затрыманне кіраўніцтва Kvitki.by.

Усе гэтыя затрыманні звязаныя з чатам "Орг BY" , які прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, піша "Наша Ніва". Паводле версіі КДБ, да гэтага чата меў дачыненне дырэктар Kvitki.by Аляксандр Касінскі.

Чат знайшлі на тэлефоне ў аднаго з затрыманых, пасля чаго пайшлі па іншых яго ўдзельніках.

У каментары выданню адзін з удзельнікаў "Орг BY", які знаходзіцца ў эміграцыі, расказаў, што стварылі яго ў першай палове 2020 года — для каардынацыі працы ў прафесійнай сферы. Арганізатары канцэртаў дзяліліся адзін з другім досведам ва ўмовах кавіду.

"Там мы проста дзяліліся працоўным досведам, нешта маглі адзін аднаму параіць. Нічога "экстрэмісцкага" ў чаце дакладна не было, было ўсё пра Беларусь, пра будучыню, пра нейкі пазітыў яшчэ", — цытуе НН словы ўдзельніка. Паводле яго, у 2021‑м усе дыялогі ў чаце скончыліся.

Крыніца выдання кажа, што кіраўнікі Kvitki.by пачалі супрацоўнічаць са следствам, таму іх выпусцілі з-за кратаў.

"А вось той жа Ілля Піятроўскі з Blackout Studio яшчэ сядзіць. Па-першае, ён ніяк не хоча прызнаваць выстаўленыя яму абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў. Па-другое, яго маскоўская жонка яму наняла адразу расійскіх адвакатаў, якія сябе агрэсіўна паводзілі, таму яго не выпусцілі, хаця ён мог выйсці пад заклад і быць дома", — прыводзіць выданне словы крыніцы.

Таксама за кратамі знаходзіцца яшчэ адзін прадстаўнік Blackout Studio Валерый Калеснікаў. Нейкі час ён нават быў у адной камеры з Аляксандрам Манышавым з "Атам Інтэртэйнмэнт".

Дагэтуль няма на працоўным месцы і кіраўніка Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага, хаця на сайце ўстановы ён па-ранейшаму пазначаны як дырэктар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.