У Польшчы затрымалі беларусаў за перапраўку абсталявання для баявых дронаў
Затрыманне злачыннай групы ў Польшчы / Нацыянальная падатковая служба Польшчы
У Польшчы затрымалі шасцярых чалавек — чатырох беларусаў і двух палякаў. Іх падазраюць у спробе пераправіць з Беларусі ў Расію абсталяванне, прызначанае для вытворчасці кампанентаў для баявых дронаў, паведамляе Нацыянальная падатковая служба Польшчы.
Затрыманне адбылося 18 лютага. Перад тым супрацоўнікі мытна-падатковай службы спынілі спробу незаконнай перапраўкі абсталявання для аўтаматызацыі вытворчасці інтэгральных схем. У падатковай службе Польшчы адзначылі, што ім удалося парушыць ланцужок паставак вайсковай тэхнікі для расійскіх войскаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны.
Затрыманым выставілі абвінавачванні. Акрамя парушэння закона аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны іх вінавацяць таксама ў махлярстве і падатковых злачынствах, звязаных з валютнымі аперацыямі.
Трох чалавек узялі пад варту папярэдне на тры месяцы, астатнім тром прызначылі паліцэйскі нагляд, маёмасны заклад і забарону на выезд з Польшчы.
Падчас ператрусаў у фігурантаў былі канфіскаваныя наяўныя грошы ў розных валютах. Іх агульная сума эквівалентная прыкладна 400 тысячам злотых (каля 112 тысяч долараў).