Уладзімір Казлоў: пра мікрабюджэтнае кіно, сетку фільммейкераў і новыя кнігі
Пісьменнік і кінематаграфіст Уладзімір Казлоў / Прыватны фотаархіў творцы
У гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну мы сустрэліся з Уладзімірам Казловым — творцам, які ў сваіх кнігах і фільмах шмат рэфлексуе пра познесавецкую і незалежную Беларусь і Расію.
Сёння ён не толькі піша кнігі пра беларускае мінулае, але і курыруе Інкубатар мікрабюджэтнага кіно ў BFN (Беларуская сетка кінафільммейкераў), дапамагаючы дэбютантам здымаць першы поўны метр, не чакаючы вялікіх фінансаў.
Уладзімір распавёў Еўрарадыё, як BFN плануе аб’яднаць беларускіх фільммейкераў у дэцэнтралізаваную, але эфектыўную арганізацыю, як штучны інтэлект можа стаць выратаваннем для рэжысёраў у эміграцыі і чаго чакаць ад яго новых кніг — зборніка “Лета кахання” і рамана “Паўднёвы Захад”.
— Дзень нашай размовы прыпадае на сімвалічную дату — угодкі пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Вы з 2000 года жылі ў Расіі, у Маскве, і з’ехалі адтуль пасля пачатку ўварвання. Як за гэтыя чатыры гады змянілася ваша жыццё?
— Так, жыццё, канешне, змянілася даволі моцна. У мяне было адно жыццё ў Маскве больш за 20 гадоў. І, канешне, гэта не было нешта маналітнае — Расія мянялася. Калі я пераехаў туды з Беларусі ў 2000 годзе, гэта краіна была яшчэ даволі свабоднай, асабліва ў параўнанні з тагачаснай Беларуссю, дзе ўжо былі эскадроны смерці, палітычныя забойствы.
І за гэты час яна прайшла шлях ад адносна свабоднай краіны да амаль што фашысцкай дыктатуры. І, канешне, там заставацца было ўжо немагчыма. Мая эміграцыя адбылася ў два этапы: спачатку я патрапіў у Турцыю, а цяпер жыву ў Германіі.
Я сутыкнуўся з усімі праблемамі, з якімі сутыкаюцца эмігранты з Беларусі, з Расіі, увогуле з постсавецкай прасторы. Новае жыццё, новыя праблемы, спробы знайсці сябе ў гэтым новым жыцці — і ўжо ў даволі сталым узросце. Гэта, канешне, складаней, чым калі з’язджаеш маладым. Калі я з’язджаў з Беларусі ў Расію, мне было 28 гадоў, тады гэта было значна прасцей.
— Частка вашага новага жыцця — праца ў кінематаграфічнай ініцыятыве BFN (Belarusian Filmmakers’ Network). Зараз рыхтуецца трэці Баркэмп, з’езд кінематаграфістаў, заяўляецца пра стварэнне “афіцыйнай структуры”. Што гэта будзе за структура і чым BFN можа пахваліцца за гады існавання?
— Насамрэч мы існуем ужо чатыры гады. Першы год быў больш падрыхтоўчы, а ў фармаце, у якім працуе BFN цяпер, мы развіваемся тры гады.
Наша ініцыятыва эвалюцыянуе. Мы працавалі па праектным прынцыпе: ладзілі праекты, адкрытыя для беларускіх фільммейкераў незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Паступова з’явілася ідэя ператварыць BFN у арганізацыю чальцоў.
На гэтым Баркэмпе, які адбудзецца ў сакавіку, мы хочам зразумець, як гэта будзе працаваць. Мы самі пакуль дакладна не ведаем, гэта эксперымент. Але ідэя ў тым, каб беларускія фільммейкеры аб’ядналіся, дзяліліся досведам, падтрымлівалі адзін аднаго. Гэта не будзе бюракратычная структура, яна будзе дэцэнтралізаваная. Але фармальная арганізацыя дапаможа спрасціць узаемадзеянне і дасць падтрымку.
— Якія вынікі працы Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, якім вы асабіста займаецеся ўжо два гады? У вас быў поспех са стужкай “Лебядзіная песня Фёдара Озерава” Юрыя Сямашкі, якую паказвалі на Берлінале ў 2025 годзе. Але што з астатнімі праектамі?
— Я лічу, што самы вялікі поспех — гэта прадакшн мікрабюджэтнага кіно. Дэбютанты атрымліваюць магчымасць зрабіць першы поўны метр.
Так, у мінулым годзе на Берлінале адбылася прэм’ера фільма “Лебядзіная песня Фёдара Озерава” рэжысёра Юрыя Сямашкі. Другі праект — “Фармоўшчык і заклінальнік” — на апошняй стадыі постпрадукцыі. Імя аўтара я пакуль не называю з меркаванняў бяспекі.
Што да другога конкурсу, пакуль у нас няма фінансавання на праекты-пераможцы. Але мы працуем над гэтым. Магчыма, больш рэалістычна рабіць адзін поўны метр на год. Праекты з другога конкурсу не забытыя, усё ў працэсе, калі на іх з’явяцца рэсурсы.
— Ваша ініцыятыва прасоўвае стратэгію мікрабюджэтнага кіно, калі аўтары могуць здымаць свае праекты за мінімальныя сродкі, аб’яднаўшыся ў каманду. Але ці жыццяздольная яна? Некаторыя рэжысёры, той жа Юрый Сямашка ў размове са мной казаў, што не гатовы пастаянна працаваць без бюджэту.
— Мы разглядаем гэтую стратэгію як шанец для пачаткоўцаў зрабіць першы поўны метр. Мы не працуем з тымі, у каго ўжо ёсць поўнаметражныя фільмы.
Калі чалавек пасля дэбюту можа рухацца далей, знаходзіць фінансаванне і зарабляць на кіно, то гэта выдатна. Але ў рэчаіснасці сучасных беларускіх фільммейкераў гэта амаль немагчыма. Дык навошта сядзець і чакаць, калі з’явіцца магчымасць? Мне падаецца, што трэба браць і рабіць, калі ёсць жаданне.
Рэжысёр павінен вырашыць: працаваць у кінаіндустрыі ці здымаць кіно. Калі ён хоча здымаць кіно — мікрабюджэт можа быць стратэгіяй. У фінансавым сэнсе гэта, канешне, не стратэгія — трэба зарабляць сабе на жыццё іншым чынам. Але гэта магчымасць ствараць.
Альтэрнатывай такому падыходу можа стаць уваход у кінаіндустрыю іншай краіны для аўтараў-эмігрантаў. Гэта можа заняць 10–15 гадоў. І добра, калі мікрабюджэтны дэбют дапаможа ў гэтым.
— Ваша ініцыятыва таксама запусціла лабараторыю ШІ-генерацыі відэа. Ці можа штучны інтэлект дапамагчы кінематаграфістам?
— Гэта таксама эксперымент. Мы хацелі пратэсціраваць інструменты відэагенерацыі і падзяліцца досведам. Лабараторыя зараз завяршаецца, і мы глядзім фільмы ўдзельнікаў.
Для рэжысёраў у эміграцыі, без грошай і каманды, гэта можа быць альтэрнатывай у стварэнні кіно. Я не кажу, што гэта добрая альтэрнатыва — інструменты пакуль на ранняй стадыі развіцця. Але патэнцыял у тэхналогіі вялікі.
Тэксты, створаныя ШІ некалькі гадоў таму, былі вельмі слабыя. Цяпер яны значна лепшыя. Думаю, тое самае будзе і з відэа. Гэта будзе не вельмі танна, але танней, чым працаваць з поўнай здымачнай групай — асабліва калі дзеянне адбываецца ў іншым часе, напрыклад, у 19 стагоддзі.
— Калі на з’ездзе будзе створана афіцыйная структура BFN, якія задачы яна павінна будзе вырашаць, вырашэнне якіх праблем лабіраваць?
— Перш за ўсё для нас важная вытворчасць кіно. Мы ўжо сутыкнуліся з тым, што рэжысёрам патрэбна падтрымка на розных стадыях.