Грошы з рахункаў НКА зніклай Мельнікавай пераводзіліся на літоўскую крыптабіржу

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

З'явіліся новыя дэталі ў справе зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

24 сакавіка 2025 года з рахункаў арганізацыі Belarus Liberty, якой пэўны час кіравала Мельнікава, былі зробленыя грашовыя пераводы на літоўскую крыптабіржу UAB ONLYCHAIN FINTECH LIMITED. Пра гэта паведамляе хакерская групоўка "Кіберпартызаны".

Перавод грошай ажыццяўляўся праз асабісты рахунак самой Мельнікавай. Зрабіць такія пераводы магла сама Мельнікава ці хтосьці, хто меў доступ да яе рахункаў.

"Кіберпартызаны" кажуць, што працягваюць расследаванне знікнення Мельнікавай, але не ўся атрыманая імі інфармацыя можа быць апублікаваная на цяперашні час.

Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь з 25 сакавіка 2025 года. Як сцвярджаў Павел Латушка, яна разам з дзвюма дочкамі выехала за межы Еўрасаюза 26 лютага 2025 года, а яе былы муж выехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка. У Польшчы пачалі расследаванне па факце яе знікнення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.