Севярынец расказаў, як адміністрацыя турмаў даводзіць вязняў да калецтваў
Павел Севярынец на судзе
"З Мікалаем Статкевічам не "здарыўся інсульт". Мікалая Статкевіча давялі да інсульту", — заяўляе былы палітвязень Павел Севярынец.
Паводле яго, адміністрацыя і дактары ў месцах зняволення адмыслова ствараюць умовы для фізічнага знясілення, а то і калецтва вязняў.
Як прыклад ён згадаў свой выпадак падчас сядзення ў турме на Акрэсціна. На трэці месяц арышту Севярынцу так забалелі калені, што ён не мог спаць. Доктар прыйшоў толькі праз два дні пасля выкліку. Экс-палітвязень перадае размову, якая адбылася ў яго з медыкам:
"— Ну?
— Ды во ногі баляць. Мусіць, хаджу па камеры шмат (адмыслова хадзіў у дзень па 25-30 км, два метры туды-назад, каб з адбоем адключацца).
— Аааа, — задаволена басіць доктар і адшчыквае мне ібупрафеніну. — Наконец-то.
— У сэнсе, — кажу, — наканец-та?
— Да мы всё думалі, когда уже... Это суставы. Суставы. Не от ходьбы, тут всегда... Всё правільно".
Севярынец падкрэслівае, што гэта робіцца мэтанакіравана: "Турэмныя дактары толькі фіксуюць, "дзе тонка" ў таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць — і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру. А катоўні там на выбар. Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі-"труны", дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя "трубы" для тых, у каго слабыя лёгкія... Гэта сістэма, дзе ўсё падначалена галоўнай мэце. Не ламаецца маральна — зламаем фізічна.
Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш "ДП" (дабаўку) — пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва".