"Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара" — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / eurointegration.com.ua

Святлана Ціханоўская выступіла з адмысловым зваротам да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

"Чатыры гады таму вераломная Расія напала на Украіну. Чатыры гады, як расійскія ракеты і дроны б’юць па дамах, бальніцах, школах. І ўжо адзінаццаць год, як людзі гінуць таму, што Расія вырашыла — ёй можна ўсё", — гаворыцца ў звароце.

Ціханоўская прызнаецца, што страшна ад самой думкі, што вайна стала штодзённасцю. І немагчыма прызвычаіцца да здымкаў разбураных гарадоў, навінаў пра загінулых ад чарговай жахлівай атакі, паведамленняў, што дзеці хаваюцца ў бамбасховішчах замест таго каб ісці ў школы ці дзіцячыя садкі.

"Мы, беларусы, захапляемся ўкраінскай мужнасцю. Як вы падтрымліваеце адно аднаго, як бароніце сваю краіну — на фронце і ў тыле. Як працуюць украінскія валанцёры, як лекары ратуюць пад абстрэламі, як энергетыкі аднаўляюць святло пасля ўдараў. Як украінцы кожны дзень намагаюцца жыць, кахаць, берагчы адно аднаго — і захоўваюць у сабе чалавечнасць", — падкрэслівае яна.

Ціханоўская кажа пра імперскія апетыты Расіі, якія ведаюць і беларусы. Яна адзначае, што Украіна сёння змагаецца не толькі за сябе, а за ўсіх нас, у тым ліку за вольную Беларусь. Менавіта таму многія беларусы пайшлі добраахвотнікамі ваяваць за Украіну, а то і загінулі за яе. За салідарнасць з Украінай сотні беларусаў трапілі ў турмы. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання многія беларусы засталіся валанцёрыць ва Украіне.

"Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара. Мы — як і Украіна — частка Еўропы, а не "рускага міру". І разам мы зможам дабіцца свабоды і міру для нашых народаў. Разам мы зможам дабіцца справядлівасці і прыцягнуць вінаватых да адказнасці", — заяўляе Ціханоўская.

Яна выказала падзяку ўкраінскаму народу, а таксама беларускім ваярам, валанцёрам і ўсім, хто падтрымлівае Украіну ў гэты складаны час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.