Ксёндз Завальнюк заклікае дапусціць вернікаў да Чырвонага касцёла

Уладзіслаў Завальнюк

Уладзіслаў Завальнюк / Youtube-канал "Голас душы"

Былы пробашч мінскага Чырвонага касцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк заклікае дапусціць вернікаў да касцёла. Святар просіць дазволіць малітву каля саркафагу Эдварда Вайніловіча — фундатара касцёла.

Адпаведны адкрыты зварот да дырэктара прадпрыемства "Мінская спадчына" і старшыні Мінгарвыканкама Завальнюк размясціў на Youtube-канале "Голас душы". Ён просіць дазволіць вернікам наведаць саркафаг Эдварда Вайніловіча, які знаходзіцца пры касцёле, каб пакланіцца, ускласці кветкі і знічы. Святар просіць дазволіць гэтае мерапрыемства да 10-й гадавіны абвяшчэння фундатара касцёла Слугой Божым — дата будзе адзначацца 10 красавіка.

Касцёл святых Сымона і Алены (вядомы як Чырвоны касцёл) закрыты для вернікаў ужо больш за тры гады. Летась там пачаўся рамонт, які павінен завяршыцца ў студзені 2027-га.

Самога Завальнюка перавялі служыць у Барысаў, прызначыўшы новага пробашча. Аднак Завальнюк застаецца адказным за працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча.

Як адзначае выданне katolik.life, ксёндз ужо не першы раз звяртаецца з такой просьбай да кіраўніцтва "Мінскай спадчыны" — уласніка касцёла. Яго чарговы зварот праз адкрыты ліст можа сведчыць, што раней святар атрымліваў адмову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.