"Кожны павінен глядзець на сябе". Манастыр — пра рэкламу букмекераў
Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску / planetabelarus.by
Фестываль ад мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра займаецца рэкламай букмекерскай канторы. На гэта звярнуў увагу Telegram-канал "Хрысціянская візія".
На сайце фестывалю "Радасць", які праходзіў з 26 снежня па 6 студзеня, на загалоўнай старонцы ў тэксце стаіць актыўная спасылка на дадатак букмекерскай канторы Fonbet.
"Адзін з валанцёраў у кулуарах падзяліўся: "Пакуль дзеці ляпілі гліняныя фігуркі, іх бацькі ў зоне чакання абмяркоўвалі спорт — хтосьці нават спытаў, дзе можна спампаваць Fonbet, каб паглядзець каэфіцыенты на бліжэйшыя матчы". [...] Цікавасць да ставак на спорт пранікае нават у самыя нечаканыя сацыяльныя кантэксты — пры гэтым легальныя платформы, як Fonbet, функцыянуюць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам".
Еўрарадыё патэлефанавала на гарачую лінію манастыра пад выглядам занепакоенай беларускі. Сястра, якая падняла трубку, сказала, што "такога не можа быць", што гэта, хутчэй, "усплывальная рэклама", а яна сама "такога не бачыць", і ў іх "такога не было і не будзе". І дадала:
— Наогул, кожны павінен глядзець на сябе: як ён жыве, што ён робіць. [...] Я не ведаю, дзе вы што бачылі, але гэтаму ёсць тлумачэнне. Таму не трэба адразу з абвінавачаннямі [...] Трэба ж спачатку спакойна разабрацца, зразумець, што, як. А вы адразу з абвінавачаннямі. [...] Нават калі дзесьці штосьці там прайшло, напэўна, гэтаму ёсць тлумачэнне нейкае. У манастыра столькі праектаў, столькі падапечных, столькі інтэрнатаў, столькі спраў і добрых спраў, а вы так адразу з абвінавачаннямі пачалі.
Сцвярджаючы, што рэкламы букмекерскай канторы "быць не можа", сястра параіла пагутарыць з бацюшкам пра гэта, нават расказаць пра свой грэх, што "асудзіла манастыр".
— Не спяшаецеся з высновамі. Манастыр наўрад ці пагадзіўся б на такое.
Пасля размовы "сляпога з глухім " тэлефануем у Беларускую Праваслаўную Царкву. Бацюшка, які падняў слухаўку, таксама зайшоў на сайт фестывалю "Радасць", і, у адрозненне ад сястры Свята-Елісавецінскага манастыра, убачыў натыўную рэкламу Fonbet. Ён адразу ж параіў звярнуцца ў канцылярыю, але з прычыны Калядаў скарочаны працоўны тыдзень, і гэта можна будзе зрабіць толькі праз некалькі дзён.
У гутарцы з бацюшкам мы выказалі здагадку, што букмекерская кантора магла спансіраваць гэты фестываль.
— На маю думку, тут нешта іншае. Што, можа, гэтая актыўная спасылка — вынік маркетынгу вось гэтай букмекерскай канторы Fonbet. Што проста яна неяк аўтаматычна з'явілася, проста як схаваны тэкст.
— Але ўсё ж такі, якая пазіцыя царквы? Гэта ж, напэўна, не вельмі добра?
— Вядома, негатыўна.
У эфіры Еўрарадыё тэалагіня і экспертка ў галіне рэлігіі Наталля Васілевіч сказала, што з таго матэрыялу вынікае выснова: рэклама ў матэрыяле пра фестываль з'явілася наўмысна.