Спецпасланнік Папы Рымскага выказаў надзею на візіт пантыфіка ў Беларусь
Кардынал Клаўдыё Гуджэроці / БелТА / Виолетта Южакова
Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане, кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прыбыў у Пінск у якасці спецыяльнага пасланніка Папы Льва XIV на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Пінскай каталіцкай епархіі. Ён выказаў надзею, што ў будучыні Папа Рымскі зможа наведаць Беларусь і асабіста ўбачыць краіну і яе жыхароў.
"Мяне супакойвае магчымасць глядзець у вашыя вочы. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, вы заўсёды захоўваеце годнасць. І гэта я хачу сказаць Папе. Таксама перадаць яму ўсе вашы прывітанні і малітвы. Будзем спадзявацца, што ў будучыні ён таксама зможа асабіста вас убачыць і ўбачыць тое, што бачыў я, калі быў тут", — прыводзіць БелТА словы Гуджэратці.
Кардынал Гуджэроці, які быў Апостальскім нунцыем у Беларусі з 2011 па 2015 год, цёпла адгукнуўся пра беларусаў. Ён адзначыў іх годнасць і стойкасць, а таксама прызнаўся ў асаблівай любові да беларускай кухні, адзначыўшы, што за межамі краіны не спрабаваў такіх смачных дранікаў.
Юбілейныя мерапрыемствы праходзяць у Пінску ў кафедральным касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі і працягнуцца 26 кастрычніка ў Брэсце.
Пінская епархія была заснавана 25 кастрычніка 1925 года і сёння ахоплівае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей, застаючыся адной з чатырох каталіцкіх епархій Беларусі.