Вызваленых святароў прывезлі з Беларусі ў Ватыкан — СМІ
Вызваленыя ксяндзы (у цэнтры) / catholic.by
Пасля вызвалення ксяндзоў-палітвязняў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча адразу вывезлі за мяжу, і цяпер яны знаходзяцца ў Ватыкане. Пра гэта піша katolik.life са спасылкай на вернікаў.
Паведамляецца, што ў Ватыкане неўзабаве адбудуцца сустрэчы з вызваленымі святарамі. Аднак калі святары змогуць вярнуцца ў Беларусь і што іх чакае далей, вернікам пакуль невядома.
Пра вызваленне Акалатовіча і Юхневіча стала вядома напярэдадні. У іх вызваленні прыняў удзел кардынал Клаўдыё Гуджэроці, які наведаў Беларусь у кастрычніку і асабіста сустракаўся з Лукашэнкам.
Экс-пробашч парафіі ў Валожыне ксёндз Акалатовіч быў асуджаны на 11 гадоў і прабыў у зняволенні больш за два гады. Былы пробашч парафіі ў Шуміліне айцец Юхневіч атрымаў прысуд у 13 гадоў і правёў за кратамі амаль паўтара года.
Абодва святары не прызнавалі сябе вінаватымі ў інкрымінаваных ім злачынствах.