Музыка з гурта Tor Band у калоніі не можа нармальна хадзіць — Лосік

Музыкі Tor Band на судзе

Музыкі Tor Band на судзе / gp.by

Асуджаны за песні музыка-палітвязень Яўген Бурло з гурта Tor Band ходзіць у калоніі на мыліцах, і яму патрабуецца аперацыя. Пра гэта расказаў экс-палітвязень Ігар Лосік.

"Астэапароз дзвюх ног, на правай зрабілі аперацыю, прайшоў праз месяцы пакут, таму што самі разумееце, як ва ўмовах турмы праходзіць аперацыя і рэабілітацыя. Мне расказваў, што гэта было пекла. Трэба тэрмінова рабіць аперацыю на другой назе. Нармальна хадзіць ён не можа, і ўявіце як гэта жыць у такім стане ва ўмовах лагера",напісаў Лосік.

Ён паведаміў, што Бурло пратрымалі паўгода ў СІЗА КДБ, год таму сказалі напісаць хадайніцтва аб памілаванні, але ўсё адно не выпусцілі і адправілі назад у калонію.

Яўген Бурло — музыка з Рагачова, удзельнік рок-гурта Tor Band, які стаў вядомым у 2020 годзе праз песні, што гучалі на пратэстах па ўсёй краіне. У кастрычніку 2024 года ўдзельнікам гурта за гэтыя песні прысудзілі вялізныя тэрміны пазбаўлення волі. Яўгена асудзілі на 8 гадоў зняволення.

Яшчэ падчас абвяшчэння прысуду было вядома, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем: Бурло з цяжкасцю перасоўваўся на мыліцах, у яго дыягнаставалі некроз тазасцегнавых суставаў. Аднак суд усё адно прызначыў рэальнае зняволенне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.