Экс-прынца Эндру выпусцілі з паліцыі

Былы прынц Эндру пакінуў паліцыю

Былы прынц Эндру пакінуў паліцыю / Reuters

Увечары 19 лютага брат брытанскага караля Эндру Маўнтбетэн-Віндзор пакінуў паліцэйскі ўчастак. Журналісты сфатаграфавалі яго на заднім сядзенні аўтамабіля, які з'язджае.

Чорны Range Rover у чацвер увечары пад'ехаў да паліцэйскага ўчастка і спрабаваў заехаць праз электронную браму, але яна была зламаная, перадае Бі-Бі-Сі. Праз 10 хвілін ён заехаў праз іншую браму. А яшчэ праз пяць хвілін ён пакінуў паліцэйскі ўчастак, праехаўшы міма журналістаў. Фатограф змог зрабіць здымак Эндру, які спрабаваў легчы на задняе сядзенне.

Паліцыя паведаміла пра "вызваленне пад следства" — гэта значыць, што расследаванне ў дачыненні да яго працягваецца. Таксама ў паліцыі паведамілі, што ператрусы ў Норфалку завершаныя, а ў Беркшыры ўсё яшчэ працягваюцца.

Брата караля арыштавалі 19 лютага па падазрэнні ў злоўжыванні службовым становішчам. Гаворка ідзе пра падзеі, калі былы прынц займаў афіцыйныя пасады.

З дакументаў па справе Эпштэйна вынікае, што Эндру перадаваў скандальнаму амерыканскаму бізнесоўцу справаздачы пра свае паездкі ў Сінгапур, В'етнам і Ганконг і дзяліўся канфідэнцыйнай інфармацыяй пра магчымасці інвестыцый.

Кароль Карл III пазбавіў Эндру Маўнтбетэна-Віндзора ўсіх тытулаў пасля таго, як раскрыліся яго сувязі з педафілам Джэфры Эпштэйнам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.