Украіна мяняе палітыку ў дачыненні да Беларусі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

Украіна мяняе палітыку і будзе адэкватна адказваць на пагрозы — гэта павінны зразумець у Мінску, заявіў Уладзімір Зяленскі.

"Беларусь — краіну, людзей, народ — нельга губляць для Еўропы. Але гэтага чалавека, які ставіць Беларусь на службу Расіі, сапраўды варта "страціць", — гаворыцца ў звароце Зяленскага, які з'явіўся ўвечары 18 лютага.

Зранку ў той жа дзень прэзідэнт Украіны падпісаў увядзенне санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі.

У сваім вечаровым звароце Зяленскі паведаміў, што даручыў чыноўнікам дбайна вывучыць "усе схемы Аляксандра Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў". Украіна мае намер супрацоўнічаць са сваімі партнёрамі "ў рэгіёне і па ўсёй Еўропе, а таксама з глабальнымі партнёрамі, каб яны цалкам разумелі, з чым маюць справу, калі гаворка ідзе пра рэжым у Беларусі".

Увядзеннем санкцый супраць Лукашэнкі Украіна, паводле Зяленскага, адказвае "на яўна большае ўцягванне Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны". Перад гэтым ён паведаміў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання расійскімі ўдарнымі дронамі, якія атакуюць Украіну.

“Лукашэнка прывык гандляваць суверэнітэтам сваёй дзяржавы і здаў шмат інтарэсаў Беларусі, здаў расіянам", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.