СК шукае незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі праз установы адукацыі

Царква, ілюстрацыйнае фота
Ад установаў адукацыі патрабуюць даносіць пра незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі. Адпаведны ліст яны атрымалі ад галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкаму ў адказ на зварот Следчага камітэта. Тэкст гэтага ліста тэлеканал "Белсат" здабыў праз арганізацыю былых сілавікоў BELPOL.
Ліст падпісаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскай вобласці Юрый Ларычаў. У дакуменце гаворыцца, што ведамства атрымала ліст ад Следчага камітэта Мінскай вобласці аб выяўленні рэлігійных арганізацы, якія не прайшлі дзяржрэгістрацыю. Падставай для ліста паслужыў крымінальны пераслед чальцоў арганізацыі "Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя" (РПЦ-ЦІ).
Чыноўнік падкрэслівае неабходнасць мерапрыемстваў, "накіраваных на павышэнне дасведчанасці аб прыкметах, метадах вербавання і патэнцыйнай небяспецы ад дзейнасці дэструктыўных фармаванняў, гэтых сектаў". Таксама ён патрабуе давесці да ведама педработнікаў, што яны павінныя "інфармаваць кампетэнтныя органы", калі выявяць удзел грамадзян Беларусі ў "дзейнасці рэлігійных сектаў, дэструктыўных фармаванняў ці іншых аб'яднанняў, якія ўяўляюць пагрозу дзяржаве".
Дарэчы, да канца гэтага года працягваецца абавязковая дзяржаўная перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі. Новы закон моцна ўскладніў рэгістрацыю рэлігійных арганізацый.
ТГ-канал "Хрысціянская візія" некалькі дзён таму адзначаў, што колькасць рэлігійных арганізацый у Беларусі зменшылася на 4,6% (з 3592 да 3426), рэлігійных суполак — на 4,7% (з 3419 да 3257), арганізацый агульнаканфесійнага значэння – на 2,3% (са 173 да 169). Найбольш моцна пацярпела Беларуская грэка-каталіцкая царква: яна не змагла перарэгістраваць дастатковую колькасць прыходаў для стварэння рэлігійнага аб'яднання.
Дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый у Беларусі забароненая. За гэта пагражае ад штрафу да двух гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.