Беларусь стала ціхай гаванню па вырабе ваеннай прадукцыі для Расіі — "Бюро"
Ракетны комплекс "Іскандэр" можа размяшчацца на шасі МЗКЦ / volatdefence.com
Беларускія прадпрыемствы ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання забяспечвалі ваенныя заводы Расіі абсталяваннем і кампанентамі. Аб’ёмы экспарту — больш за 150 мільёнаў долараў. У асноўным гэта дасягнута за кошт паставак прадпрыемстваў "Пеленг" і "АКБ ТСП", пішуць журналісты-расследвальнікі "Бюро".
Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны перадало журналістам спіс з 19 беларускіх арганізацый, якія працуюць на патрэбы расійскага войска. Сярод іх ёсць як прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу, уключаючы 2566-ты завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення, "ВолатАўта", Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), так і звычайныя заводы, у тым ліку Брэсцкі электралямпавы завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі, Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ) ды іншыя.
Паводле звестак ініцыятывы BelPol, у 2024 годзе экспарт прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі вырас да 1,2 мільярда долараў супраць амаль 500 мільёнаў долараў у 2022 годзе.
На сёння Беларусь выкарыстоўваецца расіянамі як вытворчая пляцоўка па вырабе ваеннай прадукцыі. "Цяпер Лукашэнка важны не столькі як баявая адзінка, колькі як ціхая гавань, дзе вырабляюць прадукцыю ваеннага прызначэння без рызыкі яе паражэння, бо Украіна наносіць удары па расійскіх абаронных прадпрыемствах, але ўстрымліваецца ад удараў па беларускай тэрыторыі", — кажа Паўло Радзь з аналітычнага цэнтра "Українська призма".
Ён вылучыў тры асноўныя вектары працы беларускага ВПК.
Першы вектар звязаны з выпускам спецыялізаванай колавай тэхнікі. Напрыклад, на колавыя шасі, якія вырабляе беларускае прадпрыемства МЗКЦ, ставяцца ракетныя комплексы "Топаль-М", "Іскандэр" і С-400 "Трыумф". А Мінскі аўтамабільны завод пастаўляе грузавікі для расійскіх вайскоўцаў.
Другі вектар — рамонт і мадэрнізацыя тэхнікі. Так, 558-мы авіяцыйны рамонтны завод займаецца рамонтам і мадэрнізацыяй расійскіх самалётаў Су-25, Су-27, Су-30 і МіГ-29, а таксама верталётаў Мі-8 і Мі-24. Супрацоўнікаў барысаўскага 2566-га завода па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення, як сведчыць украінская разведка, прыцягваюць да рамонту зенітных кіраваных ракет тыпу 9М33, а на мінскім заводзе СВТ робяць рамонт і сэрвіснае абслугоўванне электроннай апаратуры для ракетных комплексаў.
Трэці вектар — выпуск аптычных прыбораў, прыцэльных комплексаў, сістэм кіравання агнём і зброяй, а таксама радыёэлектроннага абсталявання і праграмных комплексаў. Лідскі завод "Оптык" пастаўляў у Расію аптычныя дэталі для прыцэльна-назіральных комплексаў, якія выкарыстоўваюцца на бронетраспарцёры БТР-82. А мінскі "Інтэграл" стаў адным з галоўных вытворцаў мікрасхем для шырокага спектра ракет.